Ад палітвязня Аліневіча больш як паўгода няма званкоў
2- 9.04.2014, 16:34
- 8,730
Начальства Наваполацкай калоніі №10 адмаўляецца тлумачыць забарону тэлефонных званкоў для Ігара Аліневіча.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміла яго маці Валянціна Аліневіч.
«У апошні час ад Ігара амаль няма лістоў, а званкоў ад яго няма наогул. Ён не тэлефануе дзесьці з кастрычніка месяца мінулага года», - сказала яна.
Маці палітвязня адзначыла, што яе муж размаўляў па прамой лініі з намеснікам начальніка калоніі і спрабаваў высветліць, чаму сыну забаранілі званкі, але той не стаў тлумачыць.
«Яны ніколі не даюць справаздачу па такіх пытаннях. Да таго ж у дадзенай калоніі няма таксафонаў, а ёсць толькі гарадскі тэлефон. Каб атрымаць дазвол на званок, трэба пісаць заяву. Мала таго, што ёсць такія тэхнічныя перашкоды, так да Ігара яшчэ і асаблівае стаўленне з боку адміністрацыі», - падкрэсліла Валянціна Аліневіч.
Нагадаем, 27 траўня 2011 года суддзя Заводскага раёна Менска Жанна Хвойніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі №10, якая «славіцца» сваімі дрэннымі ўмовамі. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, а таксама падпале дзвярэй філіяла Беларусбанка.