У Беларусі затрыманы ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін?
5- 4.12.2014, 18:07
- 55,911
(абноўлена - 18:39) Калегі эксперта на ўмовах ананімнасці паведамляюць, што яго затрымаў КДБ.
Паводле інфармацыі, атрыманай сайтам charter97.org, Аляксандра Алесіна абвінавачваюць у «шпіянажы», аднак на карысць якой краіны - невядома. У рэдакцыі выдання "Беларусы і рынак», з якой супрацоўнічае ваенны аглядальнік, сказалі, што ён увесь дзень адсутнічаў на працы. Паводле іншых звестак, з ім не могуць звязацца ўжо некалькі дзён.
Са слоў крыніцы, Аляксандра Алесіна арыштавалі ў кафэ ў цэнтры горада падчас абеду са знаёмым. Інфармацыю пра гэта перадалі беларускім праваабаронцам.
Затрыманне Аляксандра Алесіна неафіцыйна пацвердзілі некаторыя беларускія палітыкі, аднак ніякіх падрабязнасцей не паведамілі. Тэлефон эксперта спачатку не адказваў, а затым быў выключаны.
Мы спрабуем даведацца новыя падрабязнасці затрымання.
Аляксандр Алесін - журналіст, эканамічны аглядальнік газеты "Беларусы і рынак". Спецыялізуецца ў сферы ваеннай аналітыкі. Пераможца Гран-пры прэміі «Залатое пяро» сярод журналістаў, якія пішуць на аўтамабільную тэматыку ў дзелавых і рэспубліканскіх СМІ (2008).
Нагадаем, 10 лістапада Генпракуратура Літвы паведаміла, што Віленскі акруговы суд разгледзіць крымінальную справу ў дачыненні да грамадзяніна Літвы, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць Беларусі. Пазней высветлілася, што падазраваны - жыхар Вільнюса. Ён быў затрыманы амаль год таму, да гэтага часу знаходзіцца пад арыштам. Яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў. Учора стала вядома аб яшчэ адным грамадзяніне Літвы, які абвінавачваецца ў супрацоўніцтве з беларускімі спецслужбамі.