Расея пакінула рэжысёра Сянцова ў палоне да красавіка
2- 26.12.2014, 18:20
- 8,019
Ляфортаўскі суд Масквы ў пятніцу падоўжыў да 11 красавіка 2015 г. тэрмін утрымання пад вартай украінскага рэжысёра Алега Сянцова.
Такім чынам, суд задаволіў хадайніцтва следства, якое абвінавачвае яго ў падрыхтоўцы "тэрактаў" у Крыме, паведамляюць РІА "Новости".
"Суд задаволіў хадайніцтва следства аб прадаўжэнні Сянцову меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай", - сказала прэс-сакратар суда.
Раней ФСБ Расеі заявіла, што затрымала ў Крыме "членаў дыверсійнай групы" Правага сектара". Расейскія сілавікі сцвярджаюць, што затрыманыя рыхтавалі тэракты ў Сімферопалі, Ялце і Севастопалі. Сярод затрыманых выявіліся рэжысёр Алег Сянцоў, Аляксей Чырній, Генадзь Афанасьеў, а таксама Аляксандр Кольчанка.
Затрыманыя адмаўляюць абвінавачванні.
25 снежня Ляфортаўскі суд падоўжыў тэрмін утрымання пад вартай украінскіх актывістаў Аляксандра Кольчанка і Аляксея Чырнія да красавіка 2015 года. У той жа дзень суд прызнаў вінаватым і прысудзіў да сямі гадоў турмы Генадзя Афанасьева за нібыта падрыхтоўку "тэрактаў" у Крыме.