Банкі абмежавалі доступ да валютных укладаў
40- 23.12.2014, 8:18
- 58,833
Абмежаванні ў зняцці сродкаў з валютных рахункаў уведзеныя праз недахоп валюты.
У кожным з банкаў свае абмежаванні ў зняцці валюты з рахункаў. Так напрыклад, у найбуйнейшай дзяржаўнай тройцы «Беларусбанк» «Белаграпрамбанк» і «Белінвестбанк» сродкі з валютных рахункаў можна зняць, толькі папярэдне замовіўшы іх за 5 банкаўскіх дзён. Прычым не важна, пра 100 даляраў ідзе гаворка ці пра 10 тысяч. Адзіна, тут няма ніякіх абмежаванняў па суме. Праўда, працэдура замовы ва ўсіх розная, піша «Штодзённік».
У «Белінвестбанку» можна зрабіць заказ праз тэлефон, а вось у «Белаграпрамбанку» трэба прыехаць у адно з аддзяленняў асабіста з пашпартам і там ужо напісаць заяву аб жаданні атрымаць свае валютныя зберажэнні.
Аналагічныя абмежаванні ў распараджэнні сваімі валютнымі зберажэннямі ўведзеныя і ў банку БелВЭБ. Там таксама для атрымання нават 100 даляраў са свайго рахунку, неабходна рабіць заказ за 5 дзён.
Трохі іншая сітуацыя ў камерцыйных банках. Напрыклад, у МТБанку сказалі, што абмежаванняў няма і зняць валюту са свайго рахунку можна ў любы дзень без абмежаванняў. Але... пры яе наяўнасці ў канкрэтнай касе канкрэтнага аддзялення, куды вы збіраецеся звярнуцца. Таму ў банку параілі, што лепш усё ж замовіць валюту за 5 дзён.
Зусім незразумелая сітуацыя ў Банку ВТБ (Беларусь). Як заявіла кансультант, каб зняць грошы са свайго валютнага рахункі, трэба спачатку вызначыцца, у якое аддзяленне вы збіраецеся прыйсці, потым патэлефанаваць на касу гэтага аддзялення і ўдакладніць, ці ёсць у іх неабходная сума ў валюце. Калі валюты няма, то і зняць грошы не атрымаецца. «Звычайна каса аддае роўна столькі валюты, колькі сама купіла», - растлумачылі ў банку. Іншымі словамі, можа быць і так, што нават калі валюта ў касе будзе, то да прыезду да іх можа зноў не быць. Ніякай працэдуры папярэдняга заказу валютных сродкаў у банку для сваіх кліентаў не ўводзілі.
Самыя пазітыўныя адказы на пытанні былі атрыманы ў «Прыорбанку». Як заявіла кансультант, у банку дзейнічаюць тыя ж ліміты, што і раней. Ніякіх спецыяльных мерапрыемстваў у сувязі з валютным дэфіцытам не ўводзілася. Таму грошы са свайго валютнага рахунку можна зняць у любым аддзяленні без званкоў з пытаннямі аб наяўнасці і без папярэдняга заказу.
Пакуль ні ў адным банку Беларусі не ўводзілі ніякіх абмежаванняў укладчыкаў у безнаяўным распараджэнні сваімі валютнымі сродкамі. Як растлумачылі ў фінансавых установах, магчымасць увядзення такіх абмежаванняў пакуль нават не разглядаецца.