«Gazeta Wyborcza»: Блакуючы сайты, Лукашэнка спрабуе забараніць крызіс у Беларусі
10- 22.12.2014, 16:02
- 27,338
Менск уводзіць 30-адсоткавы падатак на набыццё валюты, закрывае крамы, якія павышаюць цэны, і блакуе інтэрнэт-сайты.
Аб гэтым піша Анджэй Пачобут у польскай Gazeta Wyborcza (пераклад - charter97.org).
Беларусы бачылі, як тыдзень таму расейскі рубель за некалькі гадзін страціў адну пятую сваёй кошту, і як іх суседзі, не паспеўшыя памяняць валюту, штурмавалі крамы. Людзі масава пайшлі ў абменнікі, і ў краіне не хапіла валюты.
- Не хапіла, бо вырас попыт - супакойвала у суботу кіраўніца Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова. - У лістападзе на працягу дня куплялі 5 мільёнаў даляраў, а 16 снежня - ужо - 33 мільёны, 17 снежня - 66 мільёнаў, 18 снежня - 80 мільёнаў.
Аляксандр Лукашэнка наважыў абараняць рубель, які абрынаецца, але не хацеў рызыкаваць і абапірацца толькі на рынкавыя метады. У пятніцу Нацыянальны банк рэзка падняў працэнтныя стаўкі - з 24% на 50% - і ўвёў 30-адсоткавы падатак на набыццё валюты. Кожны, хто хоча купіць у абменніку 100 даляраў, пасля выплаты падатку атрымае 70 даляраў.
Гэта аднак не развязала праблемы, валюты ўсё роўна не хапае.
- Валюта з'явіцца бліжэйшымі днямі - супакойвае Ермакова. Яна параіла банкам, каб тыя не адкрывалі абменнікаў і не раздражнялі людзей недахопам даляраў. Не ўсе банкі паслухаліся. У нядзелю нешматлікія адкрытыя абменнікі былі перапоўненыя людзьмі.
Чэргі з'явіліся таксама ў крамах. Беларусы, у якіх ужо ёсць досвед крызісу 2011 года, не чакаюць росту коштаў, толькі спяшаюцца абмяняць рублі на тавары.
Урад, спрабуючы супакоіць паніку, прыняў у пятніцу ўвечары пастанову №1207, якая забараняе крамам і вытворцам павышаць кошты без згоды ўладаў.
«Вінаватыя будуць пакараныя закрыццём крамы і звальненнем яго кіраўніка», - чытаем у пастанове.
Прадстаўнікі мясцовых органаў улады пачалі праводзіць праверкі, каб кожны дзень інфармаваць урад пра кошты на найважнейшыя тавары. Першыя вынікі з'явіліся ўжо ў суботу.
- Мы зачынілі 13 інтэрнэт-крам, а тром вынеслі папярэджанні. З нейкай прычыны яны падумалі, што пастанова, якая забараняе павышэнне коштаў, іх не тычыцца - заявіла намесніца міністра гандлю Ірына Наркевіч.
Сярод пакараных апынуліся інфармацыйна-гандлёвы партал Onliner.by і вядомыя крамы Kufar.by, Deal.by і Migom.by. Іх віна была ў тым, што ў сувязі з падзеннем курсу рубля яны паказвалі цану тавараў у далярах.
У распальванні панікі сярод насельніцтва ўлады вінавацяць і незалежныя сайты.
З пятніцы недаступныя апазіцыйныя інтэрнэт-сайты Charter97.org і «Беларускі партызан». У суботу перасталі працаваць яшчэ чатыры, у тым ліку, і афіцыйна зарэгістраванае незалежнае агенцтва БелаПАН, у якога раней не было праблем з уладамі. Дзяржаўны манапаліст пастаўкі інтэрнэту тлумачыць, што сам стаў ахвярай хакераў і таму частка інтэрнэт-сайтаў недаступная.
Кампанія БелаПАН не верыць у атакі хакераў. «IP-адрасы нашых сайтаў заблакаваныя, пастанову аб блакаванні маглі прыняць толькі ўлады. Мы расцэньваем гэта як грубы замах на свабоду слова і СМІ ў Беларусі»- напісалі ў адмысловай заяве.
Што будзе далей?
- Калі ў Масквы запаленне лёгкіх, тады ва ўсіх нас гангрэна - тлумачыць беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук з Навукова-даследчага цэнтра Мізэса. - Мы залежым ад Расеі. Атрымліваем ад яе танную сыравіну, напрыклад, за нафту мы плацім у два разы менш, чым суседзі, а больш за 40% нашага экспарту мы адпраўляем у Расею.
Былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч падкрэслівае:
- Улады змагаюцца з наступствамі праблемы. Дэвальвацыя, замаскіраваная пры дапамозе ўвядзення падатку і павышэння ставак, на некаторы час супакояць сітуацыю. Праблема, якой з'яўляецца эканоміка, якая залежыць ад Расеі, застанецца. На ягоную думку, беларускі рубель пастаянна слабее.
Еўра афіцыйна каштуе 13 тысяч 320 рублёў, даляр 10 тысяч 900 рублёў плюс 30-алсоткавы падатак.
Фота: AP/Сяргей Грыц