Станіслаў Багданкевіч: абвальная дэвальвацыя непазбежная
115- 21.12.2014, 8:56
- 111,500
Пастанова Нацбанку вядзе да падаражання імпарту і паслаблення рубля.
Апошнія дзеянні ўладаў толькі павялічылі ажыятаж на валютным рынку і вядуць да абвальнай дэвальвацыі. Пра гэта заявіў былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, адказваючы на пытанні слухачоў«Радыё Свабода».
«Краіна мае патрэбу ў новай мадэлі развіцця, заснаванай не на адміністраванні, а на дэмакратыі і рынкавых прынцыпах. Чарговае латанне дзірак адміністрацыйнымі мерамі на валютным рынку - усталяваннем падатку на куплю валюты ў 30% - ніяк не развязвае праблемы ні экспарту, ні нізкай эфектыўнасці эканомікі, а вядзе да падаражання імпарту і росту інфляцыі. У перспектыве - вядзе да паслаблення беларускага рубля і непазбежнай абвальнай дэвальвацыі з усімі негатыўнымі наступствамі як для насельніцтва, так і эканомікі», - заявіў Станіслаў Багданкевіч, каментуючы ўвядзенне падатку на куплю валюты.
Эканаміст мяркуе, што ўлады самі правакуюць ажыятаж на рынку.
«Вельмі спрэчнай з'яўляецца пастанова аб увядзенні збору ў 30% пры куплі валюты, якая толькі ўзмацніла ажыятаж на валютным рынку і павялічыла ў перспектыве ўзровень недаверу да рубля. Іншыя ж пастановы, такія як павышэнне да 50% працэнтных ставак у ліквідных рэсурсах для банкаў і адпаведнае павелічэнне ставак у дэпазітах у нацыянальнай валюце, увядзенне тэрміновых дэпазітных укладаў у нацыянальнай валюце з механізмам фіксацыі пры змене валютных курсаў у сённяшняй сітуацыі можна было б вітаць, калі б адначасова з гэтым была абвешчаная праграма змены мадэлі кіравання і пераход на новую палітыку, заснаваную на вольнай канкурэнцыі, дэмакратыі і рынкавых прынцыпах гаспадарання», - кажа ён.
Станіслаў Багданкевіч адказаў на пытанне пра тое, як паўплываюць меры, што прымаюцца Нацбанкам, на прадпрыемствы, арыентаваныя на экспарт у Расею.
«Дэвальвацыя валюты заўсёды азначае перакладанне пралікаў эканамічных кіраўнікоў, улады на насельніцтва ў форме абясцэненых рублёвых зберажэнняў у банках, узроўню заробкаў, пенсій, росту коштаў. Абвальная дэвальвацыя заўсёды абвальна пагаршае ўзровень жыцця. За кошт насельніцтва з дапамогай дэвальвацыі можна часова падтрымаць нізка эфектыўную вытворчасць, экспарт. А можа варта было б даць такім стратным прадпрыемствам збанкрутаваць, а не ўтрымліваць іх за кошт усяго насельніцтва.
Хто сказаў, што неабходна захоўваць той экспарт у Расею, які для нас стратны? Выхад для прадпрыемстваў - экспарцёраў у Расею - зніжэнне уласных выдаткаў, павышэнне прадукцыйнасці і якасці выпускаемых тавараў, павышэнне цэн на сваю прадукцыю ў сувязі з абясцэньваннем расейскага рубля, пошук новых рынкаў збыту, тым больш што агульнасусветнага крызісу няма, рост сусветнай эканомікі перавышае 3%. Зразумела, гэта не азначае поўнай адмовы ад існай дэвальвацыі беларускага рубля на рынкавай аснове, з улікам узроўню збалансаванасці вонкавага гандлю і ўзроўню дэфіцыту існага рахунку плацежнага балансу», - сказаў ён.