Марына Адамовіч сустрэлася з Мікалаем Статкевічам у турме
15- 18.12.2014, 9:11
- 13,464
Жонцы палітвязня дазволілі дзве гадзіны пагаварыць з мужам у Магілёўскай турме.
Пра гэта Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Мікалая Статкевіча распавяла ў інтэрв'ю «Радыё Свабода».
- Спадзяюся, што ў гэтай турме гэта было апошняе спатканне. Менш, чым праз месяц у Мікалая сканчаецца трохгадовы тэрмін знаходжання ў турме, і ён павінен быць пераведзены ў адну з калоній, пакуль невядома, у якую. Гэта было традыцыйнае двухгадзіннае спатканне, якое я маю два разы на год. З маіх уражанняў, Мікалай не змяніўся, ён такі ж як і быў. Вельмі ясныя і светлыя вочы. Няма ніякага расчаравання, стомленасці, бязвер'я. Як і раней, ён упэўнены ў сабе, вельмі моцны і мужны з абсалютна дакладным разуменнем таго, што ён робіць, для чаго і на што ён гатовы пайсці дзеля сваіх перакананняў. З нагоды розных мер з розных бакоў што да таго, каб напісаць прашэнне аб памілаванні, Мікалай сказаў, што нельга адной паперкай перакрэсліць усё жыццё, гэтага ён не зробіць ніколі.
- Абмяркоўвалі вы ідэю вылучэння яго кандыдатам на прэзідэнты ад дэмакратычных сіл?
- Шмат гаварылі пра ідэю наконт вылучэння яго адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмакратычных сіл, якія ўжо, на жаль, падзяліліся на дзве калоны. Але я гэта спачатку ўсё ж хлопцам перадам, каго гэта тычылася, а потым ужо прэсе. Мікалай сказаў, што на мінулым тыдні адправіў ліст Эдуарду Лобаву, ужо на яго хатні адрас. Вельмі вітае вызваленне Эдуарда і Васіля Парфянкова. Рыхтуецца да этапу. Больш маральна. Ён добра разумее, што такія рэчы звычайна заканчваюцца ўзмацненнем ціску, і ён да гэтага гатовы. Казаў, што крыху лепш у апошні час стала ў турме, для «атаваркі» больш магчымасцяў, хоць бы мінімальна павялічаны асартымент у турэмнай лаўцы. Казаў пра Украіну і Расею.
- У якіх умовах адбывалася вашае спатканне?
- На жаль, там толькі пяць месцаў для спаткання, яны займаюцца тымі, хто знаходзіцца на турэмным рэжыме, і тымі, хто знаходзіцца ў следчым ізалятары. Таму там шмат эмоцый, людзі імкнуцца дакрычацца. Там тэлефонныя трубкі, якія я бачыла ў фільмах сталінскіх часоў.
- Праз шкло было спатканне?
- Вядома. Гэта турэмны варыянт. У нас хутка гадавіна Плошчы, у той жа дзень - дзень Святога Мікалая, гэта дзень і Мікалая Статкевіча, і Мікалая Дзядка. Гэта святы Мікалай, святы абаронца, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў зняволенні. А на сёння ў турме знаходзяцца як раз два Мікалаі.
На выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты. Арыштаваны пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Тады былі арыштаваныя больш за 700 удзельнікаў акцыі пратэсту, уключаючы кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, Алеся Міхалевіча і чальцоў іх выбарчых штабоў.
26 траўня 2011 года палітык быў асуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Пастановай суда ад 12 студзеня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 Магілёва.
Статкевіча часта кідаюць у карцэр, палітвязень абмежаваны ў перадачах і сустрэчах са сваякамі, паводле загаду ўладаў у дачыненні да яго праводзяцца правакацыі.