Беларусы пачалі забіраць з банкаў рублёвыя ўклады
25- 18.12.2014, 8:02
- 34,078
Пакуль з'ява не стала масавай, але ва ўкладчыкаў відавочна здаюць нервы.
Калі перацяканне рублёвых укладаў у даляравыя ўзмоцніцца, то, мяркуюць аналітыкі, банкі могуць адрэагаваць павелічэннем ставак па дэпазітах у нацвалюце.
Журналіст «Беларускіх навінаў» абышоў некалькі банкаў у цэнтры сталіцы. У адным з банкаў у электроннай чарзе на аперацыю ўкладаў і дэпазітаў стаяла крыху больш за дваццаць чалавек, у другім - блізу сотні, у трэцім чаргі не было.
«Ужо ўсе, хто мог, перавёў рублі ў даляры», - распавяла мянчанка, якая таксама прыйшла ў банк, каб памяняць валюту ўкладу. Яна прызналася, што бліжэйшым часам не чакае імклівай дэвальвацыі беларускага рубля, бо мяркуе, што дзяржава напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў на такі захад не пойдзе. «Але падстрахавацца трэба», - сказала субяседніца.
Каб праясніць сітуацыю, сайт накіраваў запыты ў шэраг буйных банкаў - «Беларусбанк», «БПС-Сбербанк» і «Белаграпрамбанк», але не атрымаў ад іх адказу.
Аналітык даследчай групы BusinessForecast Аляксандр Муха разглядае паводзіны беларускіх укладчыкаў у першую чаргу з узмацненнем геапалітычнай напружанасці ў рэгіёне і павышэннем дэвальвацыйных чаканняў праз імклівае падзенне абменнага курсу расейскага рубля ў дачыненні да асноўных замежных валют.
16 снежня кошт даляра на біржы даходзіў да 80 расейскіх рублёў. Учора цана амерыканскай валюты апусцілася да 65 расейскіх рублёў. А яшчэ ў пачатку гэтага года за даляр давалі 33 расейскія рублі.
«У нас пасля 2009 года кожны год напярэдадні Новага года ўзнікаюць панічныя настроі, якія атрымалі назву «эфект 2 студзеня». Цяпер на гэта накладваецца сітуацыя ў Расеі. Актыўна мусіруюцца чуткі аб тым, што ў нас непазбежна адбудзецца моцная дэвальвацыя. Людзі схільныя такім чуткам верыць, таму здымаюць свае рублёвыя дэпазіты і спрабуюць канвертаваць іх у валютныя», - тлумачыць фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Менску Вадзім Ёсуб.
Аляксандр Муха не бярэцца называць дзеянні ўкладчыкаў масавай з'явай, хоць мяркуе, што ў асобных кліентаў беларускіх банкаў «здаюць нервы».
«Зразумела, што цяпер праз падзенне абменнага курсу расейскага рубля рызыкі ўзраслі, але сярэднія і буйныя фундатары імкнуцца больш узважана ацэньваць сітуацыю. Яны імкнуцца зразумець, што лепш: страціць налічаныя працэнты альбо дачакацца тэрмінаў выплаты», - адзначае аналітык.
Калі ўсё ж перацяканне рублёвых укладаў у даляравыя ўзмоцніцца, то гэта акажа ціск на абменны курс. Каб не дапусціць гэтага, Нацыянальны банк і банкі пойдуць на павышэнне ставак па рублёвых дэпазітах.