Аляксандр Алесін: Лукашэнка рыхтуе мадэрнізацыю войска
12- 25.11.2014, 15:20
- 40,409
Змена курсу развіцця вайсковага будаўніцтва ў краіне пачалася са змены міністра абароны.
Сёння Лукашэнка звольніў міністра абароны Беларусі Юрыя Жадобіна. Ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін распавёў charter97.org, што значыць гэтая адстаўка і ці сапраўды генерал-лейтэнант сышоў у запас па выслузе гадоў.
- Я мяркую, што гэта перш за ўсё змена арыенціраў ў вайсковым будаўніцтве. Кіраўнік дзяржавы, відавочна, наважыў увесці карэктыву ў мадэрнізацыю войска, грунтуючыся на ўроках Украіны. Украінскае войска апынулася «ў разбітага карыта», і, у выніку страціла магчымасць кантролю над сваёй тэрыторыяй. Я думаю, што гэтыя падзеі ва Украіне прымусілі Лукашэнку прымаць меры для таго, каб у нас такога не здарылася. Ён наважыў, што неабходна ўносіць нейкія змены, змяняць кірунак развіцця.
- Што зменіцца ў беларускім войску з новым прызначэннем? Да якога тыпу вайны будзе рыхтавацца Беларусь?
- Цяпер будзе ўкладвацца больш сродкаў у мабільныя сілы, сілы спецыяльных аперацый, у СПА, магчыма, пачнецца мадэрнізацыя авіяцыі. Гэта значыць тое, што запатрабавана сучаснасцю. Вялікіх баёў з багаццем танкаў тыпу Курскай бітвы ўжо, напэўна, не будзе. Будуць спецаперацыі, кропкавыя ўдары, не будзе суцэльнага фронту. Так выглядае сучасная вайна.
- Ці мог Жадобін чымсьці не дагадзіць Лукашэнку?
- Звычайна, калі мяняюць палітыку, у першую чаргу змяняюць чалавека. Да асобы Жадобіна, я думаю, няма ніякіх прэтэнзій. Проста гэта абазначэнне, магчыма, і для замежнага свету, што краіна мяняе свой курс у вайсковым будаўніцтве.
- Але ж на мадэрнізацыю войска неабходныя сродкі.
- Цалкам дакладна. Я думаю, што толькі змена персон не развяжа ўсіх пытанняў. Мы ўжо бачылі, што персон мянялі, а глыбокай мадэрнізацыі не адбывалася, таму што проста няма сродкаў. Калі гэта будзе падмацавана фінансаваннем, хоць бы за кошт скарачэння колькасці войска, тады - так.
- Хто можа прыйсці на змену Жадобіну?
- Звычайна ў войску натуральная замена - гэта калі камандзір сыходзіць, прызначаецца начштаба. Іншая справа, калі замяшаныя нейкія палітычныя пытанні і змена палітыкі... Я асабіста думаю, што замест яго будзе прызначаны генерал-маёр Алег Белаконеў. Каб увайсці нейкаму новаму чалавеку трэба час, а гэта свайго роду прыпынак развіцця. Таму мяркую, што трэба проста прадоўжыць пачатае, дарабіць тое, што не дарабілі папярэднія генералы.