«Выбары» па-беларуску: відэа з выбарчага ўчастка
77- 23.11.2014, 8:49
- 85,132
Новае відэа пра тое, як праходзяць «выбары» ў Беларусі».
Гэты ролік чытач charter97.org зняў на адным з выбарчых участкаў Менска ў 2014 годзе.
«Відэаздымка не забаранялася, але і не віталася, - піша ён. - Старшыня УВК адразу патлумачыла, што можа выдаліць назіральніка з участку без тлумачэння прычын у любы час. Здымаць даводзілася таемна, бо рэакцыя на здымку чальцоў камісіі невядомая, таму якасць не вельмі высокая. Аднак сёе-тое зняць удалося. Урна для галасавання вельмі сумнеўнай канструкцыі. Пячатка УВК, якая нібыта павінна выкарыстоўвацца для абароны ад фальсіфікацый, гэтую функцыю выконваць не можа, бо аднолькавая на ўсіх участках ва ўсёй краіне. Назіральнік фактычна не мае якіх-небудзь правоў і магчымасцяў для выканання сваіх функцый. Немагчыма ўбачыць, як людзі кідаюць бюлетэні ў скрыню, назіральнікам наўмысна вызначаюць такое месца, дзе нічога не відаць. Пры падліку галасоў назіральнікаў блізка не падпускаюць, убачыць бюлетэні падчас падліку немагчыма. Падчас падліку ў памяшканні знаходзіцца супрацоўнік міліцыі, што забаронена. Усякія заўвагі і пытанні назіральнікаў да камісіі ігнаруюцца. На пісьмовыя скаргі Старшыні УВК адказаў няма або робяцца адпіскі без асаблівага сэнсавага зместу. Чальцы выбарчай камісіі, як правіла, шмат гадоў займаюцца арганізацыяй так званых выбараў і з'яўляюцца прафесійнымі фальсіфікатарамі з вялікім досведам. Процідзейнічаць фальсіфікацыям у рамках закона немагчыма, больш за тое, нават не здзяйсняючы правапарушэнняў ёсць рызыка апынуцца пазбаўленым акрэдытацыі і затрыманым міліцыяй.
Усё, што магу зрабіць у такой сітуацыі, гэта напісаць пра гэта і апублікаваць відэа».
Нагадаем, пачынаючы з 1995 года, ніводныя «выбары» і «рэферэндумы», праведзеныя ў Беларусі не былі прызнаныя краінамі Захаду і міжнароднымі арганізацыямі, як свабодныя і дэмакратычныя.