Прэмія Вацлава Гавела прысуджаная Алесю Бяляцкаму
13- 30.09.2013, 14:01
- 24,437
Прэмія імя Вацлава Гавела прысуджаная беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму.
Пра гэта на афіцыйнай цырымоніі ў Страсбургу абвясціў старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Жан-Клод Міньён, піша БелаПАН.
«У сваёй штодзённай барацьбе супраць парушэнняў правоў чалавека, несправядлівасці, адвольнасці і аўтарытарызму Алесь Бяляцкі бесперапынна працаваў для таго, каб грамадзяне Беларусі маглі аднойчы далучыцца да нашых еўрапейскіх стандартаў», - сказаў Міньён.
Сярод іншых намінантаў на прэмію былі Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія) і Rights Defence Network (Кітай).
На цэрымоніі прысутнічала жонка Бяляцкага Наталля Пінчук.
Прэмія імя Вацлава Гавела за правы чалавека штогод уручаецца ПАРЕ сумесна з Бібліятэкай Вацлава Гавела і фондам Charta 77. Сума прэміі складае 60 тыс. еўра. Галоўнай мэтай прэміі з'яўляецца заахвочванне выдатных дзеячаў грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца абаронай правоў чалавека.
Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і асуджаны за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у яго замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, так як цэнтр «Вясна» працуе нелегальна - улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, была цалкам пагашаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Праваабаронца адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення.