ЕЗ адкрывае свой рынак для малдаўскага віна
14- 26.09.2013, 10:42
- 11,070
Еўрапейская камісія ўхваліла прапанову аб датэрміновай лібералізацыі імпарту вінаў з Малдовы на рынак ЕЗ.
Пра гэта ў эфіры малдаўскага тэлеканала Publika-TV заявіў еўракамісар па сельскай гаспадарцы Дачан Чолаш, паведамляе Росбалт.
Паводле яго слоў, Брусель адмовіўся ад любых абмежаванняў на пастаўкі віна з Малдовы. Ад мясцовых вінаробаў запатрабуюць толькі захавання тых жа патрабаванняў, якія вылучаюцца да еўрапейскіх вытворцаў. Свабодны продаж малдаўскіх вінаў у ЕЗ пачнецца ў бліжэйшыя месяцы.
Нагадаем, 10 верасня Расспажыўнагляд увёў эмбарга на пастаўкі малдаўскага віна ў Расею з прычыны іх неадпаведнасці патрабаванняў па якасці. Галоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка паведаміў, што ў малдаўскім віне выявілі пластыфікатары, а гэта значыць, што існуюць парушэнні ў тэхналогіі перапрацоўкі, захоўвання матэрыялаў і гатовай прадукцыі.
Малдова рыхтуецца падпісаць пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю і асацыяцыі з ЕЗ у лістападзе на саміце ў Вільні.