Палітвязня Пракапенку пазбавілі спаткання
5- 25.09.2013, 16:10
- 12,345
Арцёма Пракапенку пазбавілі доўгатэрміновага спаткання з бацькамі.
Яно было запланавана на снежань. Прычыну адмовы ў сустрэчы з роднымі паведаміць яму не дазволілі. Пра гэта палітвязень распавёў сваёй маці Віялеце Пракапенка падчас апошняй тэлефоннай размовы, перадае «Радыё Рацыя».
«Я спытала, ці не пазбавяць кароткага спаткання ў лістападзе. Ён адказаў, што не, бо ўжо пазбаўлялі. Яны ж паступова гэта робяць: апошні раз яго пазбавілі прадуктовай перадачы, а цяпер - доўгатэрміновага спаткання. Я пацікавілася, якое ж пакаранне чакае яго далей? Штрафны ізалятар і ПКП. Ён трымаецца. За ўвесь гэты час ніводнага разу не паскардзіўся, не казаў, што цяжка, што надакучыла, што хоча дадому. Ні разу», - кажа маці палітвязня.
Арцём Пракапенка быў асуджаны разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым да сямі гадоў зняволення за спробу падпалу дзвярэй Бабруйскага аддзялення КДБ. Год таму Павел Сырамалотаў выйшаў на волю, напісаўшы прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Арцём Пракапенка і Яўген Васьковіч адмаўляюцца гэтага рабіць.