Баўмгертнера просяць вызваліць пад паручыцельства
30- 29.08.2013, 13:06
- 21,457
Расейскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў гатовы выступіць паручыцелем кіраўніка «Уралкалію» ў разглядзе фактаў парушэння беларускіх законаў.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні РСПП, падпісаным старшынёй аб'яднання Аляксандрам Шохіным, паведамляе ІТАР -ТАСС.
«РСПП як вядучае бізнес-аб'яднанне Расеі гатовае выступіць паручыцелем добрасумленнага ўдзелу Баўмгертнера ў далейшым разглядзе ва ўстаноўленым парадку фактаў парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь», - адзначае Шохін .
Акрамя таго, РСПП патрабуе «неадкладна вызваліць Баўмгертнера з-пад варты, замяніўшы абраную меру стрымання на не звязаную з абмежаваннем волі».
Шохін таксама заклікае Менск «устрымлівацца надалей ад падобных недружалюбных крокаў у дачыненні да прадстаўнікоў дзелавых колаў Расейскай Федэрацыі з боку праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь» і «ініцыяваць працэдуры ўніфікацыі заканадаўства краін - членаў Мытнага саюза ў частцы падстаў прымянення ў дачыненні да прадпрымальнікаў меры стрымання ў форме заключэння пад варту».
«РСПП лічыць, што эканамічныя спрэчкі гаспадарчых суб'ектаў павінны вырашацца ў рамках грамадзянскага і арбітражнага судаводства, а не з выкарыстаннем крымінальнага пераследу асобных прадстаўнікоў бізнес-супольнасці», - падкрэсліў кіраўнік РСПП.
Нагадаем, 26 жніўня стала вядома пра затрыманне ў Менску гендырэктара кампаніі «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера, падазраванага беларускімі следчымі органамі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Чатыры супрацоўнікі БКК абвешчаныя ў вышук, у тым ліку і па лініі Інтэрпола. Падставай для гэтага сталі матэрыялы аб здзяйсненні імі відавочных злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, якія нібыта пацягнулі нанясенне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам Беларусі, а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ «БКК».
Фота: РІА «Новости»