Маргелаў: Арышт Баўмгертнера - сярэднявечная расправа з непажаданымі
37- 28.08.2013, 10:20
- 26,144
Кіраўнік камітэта па міжнародных справах Савета Федэрацыі Міхаіл Маргелаў параўнаў арышт гендырэктара «Уралкалію» са сярэднявечнай расправай.
«Абставіны затрымання расейскага грамадзяніна прымушаюць успомніць цёмнае сярэднявечча, калі няўгодных кідалі ў вязніцы, папярэдне прывабіўшы на перамовы высокіх узроўняў», - заявіў Маргелаў «Інтэрфаксу» ў сераду.
Ён нагадаў, што Баўмгертнер прыбыў у сталіцу сяброўскай краіны па запрашэнні кіраўніка яе ўрада.
«Беларусь парушыла элементарныя правілы прыстойнасці, затрымаўшы прадстаўніка расейскай кампаніі ў прыкрасці ад вынікаў дзелавых перамоваў, якія не задаволілі яе бок. Гэта непрыстойна. Так не паступаюць і ў тых краінах, якія не маюць статусу саюзнай з Расеяй дзяржавы», - заявіў Маргелаў.
На яго думку, «дзіўна таксама і тое, што дзелавыя пытанні, звязаныя з рынкам калію, беларускія ўлады вырашаюць такім немудрагелістым чынам, арыштоўваючы свавольнага перамоўшчыка, не маючы, відаць, іншых прынятых у бізнесе аргументаў».
«Мяркую, што пытанні рэалізацыі калію могуць быць вырашаныя мірным шляхам, асабліва калі беларускія ўлады ўключаюць калійны рынак у пералік «дзяржаўных і агульнадзяржаўных інтарэсаў Беларусі», - падкрэсліў Маргелаў.
Ён лічыць, што, ідучы як раз гэтымі інтарэсамі, Менску неабходна неадкладна выпусціць на свабоду Баўмгертнера і вырашыць справу мірам.
Нагадаем, генеральны дырэктар «Уралкалію» і старшыня назіральнага савета «Беларускай калійнай кампаніі» Уладзіслаў Баўмгертнер у панядзелак быў арыштаваны ў Менску па абвінавачванні ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Да яго прымененая санкцыя ў выглядзе заключэння пад варту тэрмінам на 2 месяцы.
Фота: РІА «Новости»