Гендырэктар «Беларуськалію»: Расейцы беглі з Беларусі, забыўшыся пра рэчы
186- 19.08.2013, 17:13
- 123,650
Кіраўніцтва «Беларуськалію» пагражае «Уралкалію» судом.
Шэраг абставінаў, якія суправаджалі дзеянні ААТ «Уралкалій» па адмове ад супрацоўніцтва з ААТ «Беларуськалій» у рамках ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» патрабуюць прававой ацэнкі, заяўляе гендырэктар беларускага прадпрыемства Валерый Кірыенка.
«Негатыўныя дзеянні «Уралкалію» ў адносінах да свайго былога трэйдара патрабуюць прававой ацэнкі», - сказаў Кірыенка у панядзелак на прэс-канферэнцыі ў Салігорску, перадае «Інтэрфакс».
Ён адзначыў, што расейскі менеджмент БКК перавёў цэлы шэраг кантрактаў на трэйдара «Уралкалію» «Уралкалій-Трэйдынг». Акрамя таго, «былі адпраўленыя лісты на імя менеджэраў пакупнікоў аб тым, што нібыта скасоўваюцца кантракты», звярнуў увагу Кірыенка.
«Ёсць група юрыстаў, якія цяпер разглядаюць гэтыя пытанні з пункту гледжання нацыянальнага заканадаўства і міжнароднага права», - сказаў ён.
Кірыенка паведаміў, што «Уралкалій» па-ранейшаму з'яўляецца акцыянерам БКК, рашэнне аб выхадзе з яго складу не прынятае. У той жа час Кірыенка адзначыў, што «Уралкалій» перавёў увесь расейскі менеджмент БКК на працу ва «Уралкалій-Трэйдынг».
«Расейскі менеджмент БКК з'ехаў так спешна, што нават пакінуў усе рэчы ў сваіх кватэрах і цяпер чамусьці баіцца сюды прыязджаць», - адзначыў гендырэктар «Беларуськалія».
Ён таксама дадаў, што, паколькі «Уралкалій» усё яшчэ з'яўляецца акцыянерам БКК, то ў адпаведнасці з заканадаўствам будзе выконваць усе фінансавыя абавязацельствы па ўдзеле ў кампаніі.
Як заявіў гендырэктар «Беларуськалію», адмова Уралкалію ад экспарту праз Беларускую калійную кампанію магла ўяўляць сабой рэйдарскі захоп беларускага вытворцы калію.
«Я не выключаю, што гэтая заява магла быць накіраваная на рэйдарскі захоп нашага прадпрыемства», - заявіў Кірыенка.