Міністр абароны Літвы: Палітыка Беларусі ў галіне правоў чалавека тармозіць супрацоўніцтва
29- 12.08.2013, 14:20
- 23,656
Кіраўнік Мінабароны Літвы Юозас Алекас распавёў charter97.org пра адносіны з Беларуссю.
Міністр абароны Літвы ўпэўнены, што праблемы з дэмакратыяй і захаваннем беларускімі ўладамі правоў чалавека, парушэнне гэтых правоў адбіваюцца і на ўзроўні супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы бяспекі. Паводле яго слоў, узровень супрацоўніцтва Літвы і ЕЗ з Беларуссю ў гэтай вобласці ніжэй, чым з шэрагам іншых краін Усходняга партнёрства, у гэтых адносінах не хапае празрыстасці. Акрамя таго, ён дадаў, што ўсё больш цеснае супрацоўніцтва з Расеяй у ваеннай сферы аслабляе суверэнітэт Беларусі.
«З Беларуссю мы супрацоўнічаем на больш нізкім узроўні (чым з іншымі краінамі УП - charter97.org), абменьваемся інфармацыяй на ўзроўні экспертаў і вайскоўцаў. Магчыма, гэтае супрацоўніцтва трэба паглыбляць, але гэта, думаю, звязана з пазіцыяй Беларусі і дзеяннямі беларускіх уладаў у галіне правоў чалавека, што тармозіць супрацоўніцтва і ў сферы бяспекі», - сказаў Юозас Алекас.
На пытанне, якія выклікі бачыць міністр у тым, што побач з Літвой ёсць такі нешэраговы і нестабільны сусед, ён адказаў, што «верыць у будучыню Беларусі», але пакуль што не бачыць дэмакратычнага клімату і захавання правоў чалавека.
«Мы верым у будучыню Беларусі і жадаем ёй быць дэмакратычнай і паспяховай дзяржавай, з развітой эканомікай і павагай да правоў чалавека, - кажа міністр абароны Літвы. - На жаль, сёння мы не можам сказаць, што так ёсць, і мы бачым немалую колькасць выпадкаў парушэння правоў чалавека. І, як і нашы калегі з іншых краін ЕЗ, мы выказваем асаблівую заклапочанасць. Мы жадаем Беларусі ўсяго самага найлепшага і поспехаў у развіцці дэмакратыі і станаўленні еўрапейскім грамадствам, прыняцці каштоўнасцяў, якія вызнаюцца ў дэмакратычных краінах, але згаданыя недахопы ўскладняюць наша супрацоўніцтва. На пэўным узроўні мы спрабуем падтрымліваць супрацоўніцтва і далей, абменьваючыся інфармацыяй, у тым ліку і ў сферы бяспекі і абароны».
На заўвагу пра тое, што Беларусь і Расея цесна звязаныя ў ваеннай сферы, маюць сумесную сістэму СПА і расейскі бок спрабуе ўсё больш прысутнічаць на тэрыторыі нашай краіны ў ваенным плане, Ю.Алекас адзначыў, што ўсё больш цеснае супрацоўніцтва з Расеяй у ваеннай сферы аслабляе суверэнітэт Беларусі. Аднак, нягледзячы на тое, што фактычна каля межаў Літвы і ЕЗ у ваенным плане прысутнічае не толькі Беларусь, але і Расея, літоўскі міністр падкрэслівае, што гэта мяжа з Беларуссю.
«Я ўсё ж думаю, што трэба казаць, што гэта мяжа з Беларуссю, паколькі мы прызнаем яе суверэнітэт. У нас ёсць мяжа з Расеяй на Захадзе. Але без сумневу будаўніцтва новых авіябаз і падобныя да гэтага дзеянні саслабляюць суверэнітэт Беларусі», - сказаў на заканчэнне ён
Нагадаем, што ў дадзены момант, на час адпачынку, кіраўнік Мінабароны Літвы Ю.Алекас замяшчае міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса.