27 лiстапада 2024, Серада, 0:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мацей Радзівіл: Беларусы захавалі павагу да ВКЛ на генным узроўні

41
Мацей Радзівіл: Беларусы захавалі павагу да ВКЛ на генным узроўні

Нашчадак славутага княжаскага роду задаволены, што беларусы лічаць яго «сваім».

Мацей Радзівіл, які зараз жыве ў Польшчы, распавёў аб гісторыі сваёй сям'і сайту «Гістарычная праўда».

- Пан Мацей, раскажыце, калі ласка, да якой галіны Радзівілаў Вы належыце?

- Усе Радзівілы,якія цяпер жывуць, належаць да лініі, якая ўзнікла ад Мікалая Радзівіла Чорнага. Я належу да Шыдлавецкай галіны Радзівілаў. Назва гэта паходзіць ад маёнтка Шыдлавец, які належаў жонцы Мікалая Радзівіла Чорнага Эльжбеце Шыдлавецкай яшчэ ў XVI стагоддзі. У канцы XVII стагоддзя мае продкі былі аддзеленыя ад Нясвіжскай ардынацыі.

Да пачатку ХІХ стагоддзя цэнтрам нашай сям'і быў маёнтак у Шыдлаўцы, а пазней прадстаўнікі нашай лініі пераязджаюць у маёнткі, размешчаныя на тэрыторыі сённяшніх Літвы і Беларусі. Мы, безумоўна, менш знакамітая галіна Радзівілаў, чым Нясвіжская або Алыцкая, прадстаўнікі якіх валодалі вялікімі ардынацыямі. Разам з тым, гісторыя Шыдлавецкай лініі таксама цесна звязаная з гісторыяй некалі магутнага Вялікага Княства Літоўскага.

- Я ведаю, што Ваша жонка таксама з роду Радзівілаў...

- Так, яна паходзіць з Алыцкай галіны Радзівілаў, якая размяшчалася на Валыні. Прадзедам жонкі быў апошні Давыдгарадзецкі ардынат і родны брат апошніх двух Нясвіжскіх ардынатаў Караль Мікалай Радзівіл. Сваіх дзяцей мы таксама выхоўваем у радзівілаўскіх традыцыях, прывучаючы з маленства паважаць гісторыю і традыцыі нашага старажытнага роду.

Дарэчы, пасля смерці Альбрэхта, менавіта Караль павінен быў стаць Нясвіжскім ардынатам. Але ён тады саступіў гэтае права малодшаму брату Лявону. Гэты чалавек занадта моцна любіў Палессе, таму не захацеў развітвацца з Давыдгарадзецкай ардынацыяй.

- Адзін з Вашых сваякоў - Альбрэхт Радзівіл падтрымаў у 1918-м Беларускую Народную Рэспубліку. Як думаеце, чаму ён гэта зрабіў?

- У адрозненне ад набіраючых моц напачатку ХХ стагоддзя літоўскага і ўкраінскага нацыяналізму, беларускі нацыяналізм быў, калі так можна сказаць, цывілізаваным. Ён не быў накіраваны супраць традыцый Рэчы Паспалітай. Дарэчы, менавіта дзякуючы гэтаму, Радзівілы досыць хутка знайшлі агульную мову з Юзэфам Пілсудскім, які па сваіх палітычных поглядах быў сацыялістам і падтрымліваў ідэі федэралізму.

Альбрэхт Радзівіл зрабіў стаўку на БНР, таму што бачыў будучыню гэтай дзяржавы ў альянсе з Польшчай, што пачынала адраджацца. Вельмі важна разумець, што ў тагачасным беларускім грамадстве не было заўзятага антаганізму ў дачыненні да заходняй суседкі Беларусі.

Да таго ж, князь Абба, (так называлі Нясвіжскага ардыната родныя), як і многія прадстаўнікі нашага роду, быў сапраўдным патрыётам Вялікага Княства Літоўскага. Аднойчы адзін замежны журналіст спытаў Альбрэхта: «Спадар князь, а якой жа Вы, усё ж такі, нацыянальнасці?». На што Альбрэхт адказаў: «Мы тутэйшыя».

Нясвіжскі ардынат быў не адзіным, хто падтрымліваў беларусаў. Тут немагчыма не ўспомніць і княгіню Магдалену Радзівіл з роду Кішгайлаў, якую ў народзе называлі «Радзівіліха». Яна таксама актыўна, у меру сіл і магчымасцяў, падтрымлівала беларускі нацыянальны рух.

- Мы ўжо пісалі аб знакамітым «кансерватары» Другой Рэчы Паспалітай Янушу Радзівілу. Хацелася б пачуць Вашу ацэнку гэтай гістарычнай асобы?

- Гэта быў вялікі чалавек. Праўда, яго можна назваць трохі архаічным для свайго часу. Князь Януш жыў традыцыямі XIX стагоддзя. Не сакрэт, што палітыка ў Еўропе напярэдадні Першай Сусветнай вайны абапіралася шмат у чым на асабістыя сувязі манаршых дамоў. Радзівілы Берлінскай лініі, у тым ліку і Януш Радзівіл, былі не проста знаёмыя, але і сябравалі з тагачаснымі еўрапейскімі манархамі.

Пры гэтым, карані Януша былі з земляў Вялікага Княства Літоўскага. Яго маці паходзіла з роду Сапегаў. Яшчэ падчас Першай Сусветнай вайны князь уключыўся ў актыўнае палітычнае жыццё польскіх земляў, а пасля абвяшчэння незалежнасці Польшчы ў 1918 годзе стаў адным з вядучых палітыкаў гэтай дзяржавы. Пасля «травеньскага перавароту» 1926 менавіта Януш Радзівіл арганізаваў Юзафу Пілсудскаму падтрымку з боку «крэсавых зуброў», багатых землеўладальнікаў, якія пражывалі на ўсходніх ускраінах Другой Рэчы Паспалітай.

Князь Януш быў найбольш прыкметным прадстаўніком нашага роду ў міжваеннае дваццацігоддзе. Ён быў прыхільнікам «Ягелонскай ідэі», якая ў яго разуменні заключалася ў урэгуляванні стасункаў паміж мясцовым насельніцтвам «крэсамі» і палякамі. Сын Януша, Эдмунд у 1936 годзе быў абраны войтам гміны Алыка. І галасавала за яго мясцовае насельніцтва - украінцы.

У верасні 1939 года гэтыя ж людзі выратавалі Януша і Эдмунда Радзівілаў. Тады ўкраінцы абаранілі «паноў» ад бальшавіцкай расправы. Радзівілы не проста добра ставіліся да мясцовых жыхароў, але яшчэ і рабілі ўсё, каб развіваць гэтыя тэрыторыі. Да прыкладу, у Алыцы, да сённяшняга дня захавалася бетонная дарога, пабудаваная менавіта князем Янушам Радзівілам.

Пасля смерці Юзэфа Пілсудскага, калі новы «санацыйны» урад Польшчы пачаў праводзіць вельмі нацыяналістычную палітыку ў адносінах да нацыянальных ускраін Польшчы (перш за ўсё ў Заходняй Украіне), Януш Радзівіл палічыў за лепшае сысці з палітычнага жыцця Другой Рэчы Паспалітай.

Пры гэтым, безумоўна, варта адзначыць, што ён працягваў заставацца ўплывовым палітыкам, быў знаёмы з многімі ўплывовымі людзьмі ў палітычнай сферы, у тым ліку, з адным з кіраўнікоў Трэцяга Рэйха Германам Герынгам.

Князь Януш быў, калі так можна сказаць, вучнем Юзэфа Пілсудскага, а «начальнік дзяржавы» у сваю чаргу адстойваў ідэю аб тым, што Польшча павінна трымаць дыстанцыю ў адносінах з усходнім і заходнім суседам, але ў выпадку пагрозы вайны, на думку Ю. Пілсудскага, Варшава павінна была зблізіцца з Берлінам, а не з Масквой.

Да таго ж, на думку «начальніка» польскай дзяржавы, у выпадку сусветнай вайны эліты Польшчы павінны былі зрабіць усё, каб іх краіна была зацягнутая ў вайну як мага пазней. У рэальнасці, у тым ліку праз памылкі тагачаснай польскай палітычнай эліты, адбылося ўсё наадварот і Другая сусветная вайна пачалася менавіта з нападу Трэцяга Рэйху на Польшчу.

Ужо знаходзячыся ў акупацыі на тэрыторыі Генеральнага губернатарства, Януш Радзівіл атрымаў прапанову супрацоўніцтва з акупацыйнымі нямецкімі ўладамі. Але яму хапіла розуму ня стаць польскім Квіслінгам. Думаю, што калі б Польшча стварыла свой калабарацыйны ўрад, то савецкія рэпрэсіі пасля 1945 году былі б яшчэ страшней.

- У канцы Другой Сусветнай вайны Януш Радзівіл апынуўся ў руках савецкіх адмысловых службаў і утрымліваўся ў лагеры для ваеннапалонных у Краснагорску. Ці захаваліся ў Вашай сям'і нейкія прадметы таго часу? Ці распавядаў бацька Вашай жонкі Фердынанд пра той няпросты час?

У сям'і практычна нічога не захавалася, каб нагадвала аб тым часе. Сёння паводле ўспамінаў нашых сваякоў мы ведаем, што гэта было не звычайнае месца зняволення. Да таго ж, да Радзівілаў там было асаблівае стаўленне. Ужо тое, што сям'я Януша Радзівіла не была падзелена, кажа пра многае. Савецкі «чорны кардынал» Лаўрэнцій Берыя адчуваў да Януша Радзівіла не толькі цікавасць, але і павагу.

У тым жа лагеры змяшчалася некалькі дзясяткаў высокапастаўленых японскіх афіцэраў, узятых у палон савецкімі войскамі ў Маньчжурыі ў 1945 годзе. Адзін з іх вучыў бацьку маёй жонкі Фердынанда матэматыцы. Паміж сабой яны размаўлялі па-ангельску. Дарэчы, узровень тых заняткаў быў настолькі высокі, што Фердынанд, вярнуўшыся ў Польшчу ў 1947 годзе, лёгка здаў «матуру» (выпускны экзамен у школе) і паступіў у ВНУ.

Бабуля маёй жонкі Ізабэла распавядала аб тым, што, аднойчы ёй удалося збегчы з лагера ў Краснагорску і дабрацца да Масквы. Там яна хацела звярнуцца ў пасольства Францыі, каб паведаміць, што яе родныя знаходзяцца ў савецкім зняволенні ў Краснагорску. Ізабэла спрабавала ўсталяваць кантакт з ксяндзом, які служыў у касцёле ў Маскве, і папрасіць таго перадаць інфармацыю пра яе супрацоўніку французскага дыппрадстаўніцтва. Але з гэтага, на жаль, нічога не атрымалася і давялося чакаць 1947, калі савецкія ўлады дазволілі сям'і Радзівілаў з'ехаць у «народную» Польшчу.

У апошні час з'яўляюцца версіі аб тым, што Януш Радзівіл мог быць савецкім шпіёнам. Гэтая версія мне здаецца малаверагоднай. Зрэшты, Алыцкі ардынат быў досыць уплывовай палітычнай фігурай і пасля заканчэння Другой Сусветнай вайны ў Крамлі на гэтага чалавека маглі рабіць пэўную стаўку. Камунізм у Польшчы быў з'явай ненатуральнай, і таму Маскве патрэбныя былі ўплывовыя «пасажыры» з «былых», якія маглі б ім дапамагчы ў саветызацыі гэтай краіны.

- Адным з найменш вядомых міжваенных Радзівілаў, быў апошні Нясвіжскі ардынат Лявон Радзівіл. Раскажыце, калі ласка, пра гэтага чалавека.

- На жаль, пра Лявона захавалася не шмат інфармацыі. Паводле ўспамінаў сваякоў - гэта быў своеасаблівы «аўтсайдар» у нашай сям'і. Справа ў тым, што і яго брат Альбрэхт і сам Лявон былі жанатыя на прадстаўніцах хоць і шляхетных, але, усё ж, не мясцовых родаў. Жонкай Альбрэхта была амерыканка Дораці Паркер Дзікан з Бостана, а Лявон быў жанаты на рускай баранэсе Вользе Сімолін-Ветэнберг.

Праўда, я колькi не спрабаваў, так і не змог аднавіць гісторыю гэтага рускага роду, таму ў мяне ёсць сумненні ў арыстакратычным паходжанні гэтай жанчыны. Дарэчы, гэтая Вольга да канца жыцця размаўляла на польска-рускай «трасянцы». Мужа яна на рускі манер называла Лёвачка, а сыноў Тотачка (Антоній) і Тулечка (Ежы).

Пасля смерці Альбрэхта Радзівіла паміж яго дачкой Эльжбетай і Лявонам былі вельмі нацягнутыя адносіны. Быў нават судовы працэс паводле справы аб атрыманні ў спадчыну маёмасці ў Нясвіжскім замку. І ў гэтай спрэчцы маладую Эльжбету падтрымаў Давідгарадзецкі ардынат Караль Радзівіл.

Лявон Радзівіл не быў публічнай персонай. Ён аддаваў перавагу цішыні Нясвіжскага замка. Любіў паляваць, актыўна займаўся гаспадарчымі справамі. Дарэчы, князь быў таленавітым мастаком. У маёй асабістай калекцыі ёсць некалькі малюнкаў, зробленых рукой апошняга Нясвіжскага ардыната.

Нясвіж знаходзіўся амаль ля самай савецка-польскай мяжы, таму 17 верасеня 1939 г. Чырвоная армія заняла гэты горад вельмі хутка. Разам з княжацкай сям'ёй і пастаяльцамі ў замку знаходзіўся іх сямейны лекар па прозвішчы Досталь. НКВД ня арыштавала яго, бо той меў нямецкі пашпарт. Пазней, таксама высветлілася, што адзін з камердынераў князя быў...агентам НКВД.

Жанчынам дазволілі застацца ў замку, а мужчын, у тым ліку Лявона, арыштавалі і адправілі на Лубянку. Пасля ўмяшання італьянскай манаршай сям'і апошні Нясвіжскі ардынат і яго блізкія былі адпушчаныя і з'ехалі, напачатку ў Італію, а затым у Вялікабрытанію. Адзін з яго сыноў (Антоній) памёр пры нявысветленых абставінах у Лондане, а другі жыў у Рыме, а затым з'ехаў у Заходнюю Канаду і практычна не падтрымліваў кантактаў з Радзівіламі, якія жылі ў Еўропе. Князь Лявон памёр у Парыжы ў 1959 годзе.

- У цені Нясвіжскіх і Алыцкіх ардынатаў незаслужана «згубіўся» Давідгарадзецкі ардынат Караль Мікалай Радзівіл, бо гэта таксама цікавая для Беларусі асоба. Што вядома пра яго?

- Гэта была такая, як бы гэта лепш выказацца, «сармацкая» асоба. Ён быў чымсьці падобны на сваіх продкаў - князёў Рыбаньку і Пане Каханку. Такі, як у вас кажуць, «зух-хлопец» (смяецца). Любіў паляваць, ладзіць прыёмы. У яго ўласнасці былі велізарныя зямельныя і лясныя масівы, у якіх ён арганізаваў узорную паляўнічую гаспадарку.

Скончыўшы Ягелонскі універсітэт, Караль Мікалай служыў у Расейскай Імператарскай арміі. Пасля рэвалюцыі ў кастрычніку 1917 года быў ад'ютантам камандуючага 1-га Польскага корпуса генерала Юзэфа Доўбар-Мусницкага. Удзельнічаў у савецка-польскай вайне.

Цэнтр Давідгарадзецкай ардынацыі бзнаходзіўся ў Манькавічах. Тамтэйшы палац быў пабудаваны паводле загаду Марыі дэ Кастэлян і быў шмат у чым падобны на знакаміты Нясвіжскі замак. Сярод сяброў Караля Радзівіла варта назваць брытанскага генерала бельгійскага паходжання Адрыяна Картон дэ Віарта, які быў своеасаблівым «радарам брытанскай разведкі» на савецка-польскім памежжы.

У верасні 1939 года Караль Радзівіл уступіў у Войска Польскае і служыў у эскадроне аховы Генеральнага штаба ў Берасці. Затым, ён ваяваў у Асобнай Аператыўнай групе польскіх войскаў «Палессе» да кастрычніка 1939 года. Дарэчы, разам з ім ваяваў і мой дзед Канстанцін. Радзівілы ўдзельнічалі ў бітве пад Коцкам, а затым трапілі ў нямецкі палон. Апынуўшыся ў калоне ваеннапалонных, Караль Мікалай падышоў да нямецкага афіцэра і, сказаўшы, што ён сваяк Гогенцолернаў, запатрабаваў, каб яго пасадзілі ў аўтамабіль, а разам з ім і стрыечнага брата Канстанціна. Асалапелыя немцы выканалі патрабаванне ардыната і далей князі ехалі ў нямецкай штабной машыне.

Пазней Радзівілам удалося збегчы. Караль Мікалай служыў у Войску Польскім у Францыі і Вялікабрытаніі, а пасля Другой Сусветнай вайны, у 1947 годзе, эміграваў у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, дзе набыў ферму ля Ёханэсбургу і займаўся земляробствам. Мая жонка, будучы маленькай дзяўчынкай, амаль усе вакацыі праводзіла на гэтай ферме.

У 1967 годзе сям'я былога Давідгарадзецкага ардыната вярнулася ў народную Польшчу, а праз год князь памёр. Дарэчы, мой цесць Фердынанд Радзівіл (унук Януша Радзівіла) быў лекарам-анэстэзіёлагам. Дык вось Караль у 1960-х гадах дапамог яму паехаць на стажыроўку ў Кейптаўн да сусветна вядомага хірурга Крысціяна Барнарда.

- Вядома, што Радзівілы парадніліся з кланам Кэнэдзі?

- Станіслаў Радзівіл, малодшы сын Алыцкага ардыната Януша Радзівіла, ажаніўся на сястры жонкі прэзідэнта ЗША Джона Кэнэдзі Лі Буўе. Падчас прэзідэнцкіх выбараў Радзівіл заклікаў прадстаўнікоў амерыканскай палоніі галасаваць менавіта за Кэнэдзі.

Дарэчы, пра Радзівілаў у ЗША памятаюць да гэтага часу. Я нядаўна быў у ЗША, у Бостане. Дык вось у адным з магазінаў я расплачваўся карткай і прадавачка, убачыўшы прозвішча Радзівіл, сказала, што гэта адно з найлепшых прозвішчаў у амерыканскай гісторыі. Гэтая дама наўрад ці ведае старажытную гісторыю нашага роду. Не ведае яна, дзе знаходзіцца Нясвіжскі або Мірскі замкі. Але яна памятае аб той ролі, якую адыграў Станіслаў Радзівіл у перадвыбарчай кампаніі Джона Кэнэдзі.

- Дзе сёння жывуць Радзівілы?

- У ЗША яшчэ жывая жонка Станіслава Радзівіла Лі Буўе. Праўда, яна практычна не падтрымлівае кантакты з нашай сям'ёй. Мы маем стасункі з сынам Станіслава ад другога шлюбу Джонам, які таксама жыве ў Злучаных Штатах. Адзін з унукаў Януша Радзівіла сёння жыве ў Лондане. У Францыі і ў Італіі пражываюць некалькі прадстаўніц Шыдлавецкай лініі.

- У Польшчы існуе «Таварыства Несвежан», ці супрацоўнічаеце Вы з ім?

- Я сімпатызую гэтай арганізацыі. Нясвіж быў вельмі цікавым горадам у міжваеннае дваццацігоддзе. Пасля таго, як Меншчына засталася за бальшавікамі ў сакавіку 1921 года, у Заходнюю Беларусь вымушаныя былі пераехаць многія землеўладальнікі, інтэлігенцыя, прадстаўнікі шляхты.

Частка з гэтых людзей пасялілася ў Нясвіжы. Акрамя гэтага, там жыло шмат ветэранаў польска-бальшавіцкай вайны. Падчас Другой Сусветнай вайны многія з гэтых людзей былі рэпрэсаваныя савецкімі ўладамі. Аднак, некаторыя з іх, прайшоўшы праз савецкія лагеры і дэпартацыі, выжылі і сёння захоўваюць памяць аб тым, даваенным Нясвіжы.

Гэтыя людзі часта прыязджаюць у Беларусь, захоўваюць традыцыі 27-га ўланскага палка ім. Караля Стэфана Баторыя, які да вайны размяшчаўся ў Нясвіжы. Дарэчы, год таму, намаганнямі Таварыства Нясвіжан у горад вярнуўся палкавы сцяг нясвіжскіх кавалерыстаў. Цяпер рэліквія захоўваецца ў музеі ў Ратушы.

- Нядаўна Вы замовілі партыю памятных медалёў, прысвечаных гадавіне «Гарадзельскай уніі». Раскажыце, калі ласка, пра гэта?

-Я спрабую, у меру сіл і магчымасцяў, дапамагаць музеям у Нясвіжы і Міры. Мы перадалі ў іх фонды цэлы шэраг розных арыгінальных прадметаў і копій. Аднойчы я вырашыў зрабіць копіі медалёў з калекцыі Януша Радзівіла.

Людзі, якія выконвалі гэты заказ, прапанавалі зрабіць гэты медаль. Тым больш, у 2013 годзе адзначаюцца дзве даты: 600-гадоў Гарадзельскай уніі і 500-годдзе шлюбу Яна Радзівіла «Барадатага» з Ганнай з роду Кішкаў. Менавіта пасля гэтага шлюбу, Радзівілы атрымалі буйныя ўладанні ў ВКЛ (у тым ліку Нясвіж і Клецк). Я стараюся ўганароўваць гэтым медалём тым, хто ўносіць свой уклад у захаванне спадчыны Вялікага Княства Літоўскага.

- Ведаю, што вы часта бываеце ў Беларусі. Што Вы адчуваеце, калі прыязджаеце да нас?

- Перш за ўсё, я адчуваю, што гэта вельмі блізкая для мяне краіна. Мне вельмі прыемна, што ў Беларусі павага да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага адраджаецца.

Я не раз быў у Беларусі і заўсёды нас прымалі з радасцю. Больш за тое, пра Радзівілаў памятаюць, імі ганарацца. Я стараюся таксама, наколькі магу, дапамагаць захаванню нашай агульнай гісторыі.

- Што б Вы хацелі пажадаць чытачам?

- Праблема гістарычных супярэчнасцяў у нашым рэгіёне адбываюцца праз тое, што людзі проста слаба разбіраюцца ў гісторыі сваіх краін і не ведаюць гісторыі суседзяў. Разам з тым, у беларускім грамадстве, не гледзячы ні на што, напэўна, на генным узроўні, захавалася паважлівае стаўленне да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, як да «нашай» гісторыі. Беларусы робяць стаўку на тое, што іх аб'ядноўвае з іншымі народамі, а не на тое, што раз'ядноўвае.

Мне падабаецца, калі вашы экскурсаводы, распавядаючы пра Радзівілаў, кажуць, што гэта беларускія князі. Няхай так, бо значная частка гісторыі нашай сям'і звязаная менавіта з Беларуссю. Я рады таму, што з'яўляюцца такія цікавыя праекты, як «Гістарычная праўда» і жадаю яму поспеху.

Важна адкрываць беларусам, палякам, расейцам малавывучаныя старонкі нашай агульнай гісторыі і ліквідаваць шматлікія «белыя плямы». Трэба знаёміцца з рознымі пунктамі гледжання і толькі пасля гэтага рабіць нейкія высновы.

Чытачам я пажадаю развіваць свае гістарычныя веды. Цікаўцеся мінулым сваіх краін, чытайце кнігі і артыкулы, наведвайце цікавыя гістарычныя месцы. Усё гэта пойдзе Вам на карысць.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках