26 лiстапада 2024, aўторак, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Літвы: З Макеем размаўлялі пра вызваленне палітвязняў

22
МЗС Літвы: З Макеем размаўлялі пра вызваленне палітвязняў

22 ліпеня ў Брусэлі абмяркоўвалася пытанне аб вызваленні беларускіх палітвязняў.

Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе МЗС Літвы, якая старшынствуе ў ЕЗ з 1 ліпеня.

«Так, гэтае пытанне ўздымалася. Вызваленне палітычных зняволеных і іх поўная рэабілітацыя агучваліся як адна з галоўных умоў. Кіраўнікі МЗС таксама агучылі жаданне бачыць больш канструктыўнае стаўленне з боку Беларусі», - падкрэслілі ў прэс-службе.

На пытанне аб рэакцыі Уладзіміра Макея ў прэс-службе адзначылі: «Літоўская дэлегацыя знайшла рэакцыю Беларусі больш канструктыўнай, чым раней. Не на ўсе пастаўленыя пытанні быў дадзены адказ і некаторыя тэмы замоўчваліся, але літоўская дэлегацыя знайшла ў выказваннях больш канструктыўнасці і жадання выбудоўваць адносіны з ЕЗ».

Нагадаем, адразу пасля сустрэчы Макей на пытанне брусэльскага карэспандэнта «Радыё Свабода» «ці абмяркоўвалася зняцце санкцый ЕЗ у дачыненні да афіцыйнага Менска ў абмен на вызваленне палітвязняў» адказаў: «Мы абмеркавалі ўсе пункты, якія стаялі на парадку дня, якія тычацца нашага супрацоўніцтва з Еўразвязам».

23 ліпеня, каментуючы мінулыя перамовы ў інтэрв'ю вузкаму колу прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных СМІ, Макей заявіў, што на сустрэчы ў Брусэлі Беларусь выступіла за адмену санкцый ЕЗ. «Мы лічым, што стаўленне да ўсіх краін Усходняга партнёрства павінна ажыццяўляцца на раўнапраўнай, недыскрымінацыйнай аснове. Мы дакладна заявілі пра тое, што санкцыі, якія цяпер існуюць з боку Еўразвяза ў адносінах да Беларусі, павінны быць адмененыя, бо яны шкодзяць нашым адносінам і не ідуць на карысць ні Беларусі, ні Еўрапейскаму звязу», - сказаў Макей.

Як паведамлялася раней, асноўным пытаннем сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ і УП была падрыхтоўка да лістападаўскага саміту Усходняга партнёрства ў Вільні. Макей прыбыў у Брусель па запрашэнні кіраўніцтва ЕЗ. Гэта быў яго першы візіт у Еўропу пасля зняцця візавых санкцый ЕЗ.

У студзені 2011 года Уладзімір Макей - на той момант кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі - у ліку іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў быў занесены ў чорны спіс ЕЗ як асоба, датычная да жорсткага разгону акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і наступных пераследаў актывістаў апазіцыі.

24 чэрвеня гэтага года Рада міністраў замежных спраў ЕЗ на пасяджэнні ў Люксембургу прыняла рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да Макея. Санкцыі прыпыненыя на той час, пакуль ён займае пасаду міністра замежных спраў Беларусі. У той жа час Макей застаецца ў спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца фінансавыя санкцыі (рахункі і ўласнасць дадзеных асоб на тэрыторыі ЕЗ павінны быць замарожаныя).

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках