Кэтрын Эштан: Поспех саміту ў Вільні залежыць ад партнёраў ЕЗ
8- 23.07.2013, 12:45
- 11,309
Еўрапейскі звяз хоча, каб віленскі саміт «Усходняга партнёрства» стаў паспяховым.
Шмат у чым гэта залежыць ад краін-партнёраў, якія павінны выканаць свае абавязацельствы. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-службы вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан па выніках праведзенай увечары 22 ліпеня ў Бруселі сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўразвяза і «Усходняга партнёрства», піша БелаПАН.
Як вынікае з заявы, цэнтральнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне падрыхтоўкі да віленскага саміту, які запланаваны на 28-29 лістапада 2013 года.
Кэтрын Эштан адзначыла, што краіны-партнёры ўжо «дасягнулі сур'ёзнага прагрэсу», і падкрэсліла, што ім па-ранейшаму трэба будзе прыкладаць пэўныя намаганні, каб саміт у Вільні стаў «вяхой у адносінах паміж ЕЗ і партнёрамі».
Сустрэча кіраўнікоў МЗС краін «Усходняга партнёрства» прайшла ў Брусэлі ўчора. У ёй прымаў удзел міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
Гэта першая паездка чыноўніка ў Еўропу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. У студзені 2011-га ён у ліку іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў быў занесены ў чорны спіс ЕЗ як асоба, датычная да жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня і наступнага пераследу актывістаў апазіцыі. На той момант Макей узначальваў адміністрацыю Лукашэнкі.
24 чэрвеня гэтага года Рада міністраў замежных спраў ЕЗ на пасяджэнні ў Люксембургу прыняла рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да Уладзіміра Макея.