Суд вызваліў Ірыну Халіп ад адбыцця пакарання
50- 19.07.2013, 7:32
- 50,457
Журналістка вызваленая ад крымінальнага пакарання па заканчэнні адтэрміноўкі прысуду.
Такое рашэнне прыняў 19 ліпеня суд Партызанскага раёна Менска.
Працэс над Ірынай Халіп пачаўся сёння ў 9:30 ў Партызанскім судзе Менска. Cуд павінен быў прыняць рашэнне: вызваліць Ірыну Халіп, адправіць яе ў калонію або пакінуць у тым жа статусе яшчэ на нейкі тэрмін.
Прадстаўляем анлайн-рэпартаж з залы суда:
11:11 Суд Партызанскага раёна зняў пакаранне з журналісткі Ірыны Халіп.
11:05 Суддзя пайшла выносіць рашэнне.
10:57 Пракурор лічыць, што хадайніцтва падлягае задавальненню.
10:55 Крымінальна-выканаўчая інспекцыя хадайнічае аб вызваленні журналісткі ад адбыцця пакарання.
10:52 Інспекцыя: Ірына Халіп парушэнняў не дапускала, да адказнасці не прыцягвалася, зарэкамендавала сябе са станоўчага боку, просім адмяніць прысуд.
10:50 Судовы працэс пачаўся.
10:40 Не дазваляюць праходзіць у залу з наўтбукамі.
10:36 Людзей запусцілі ў тую жа залу, аднак забаранілі выкарыстоўваць фота-і відэаапаратуру.
10:33 Ірыне Халіп вынеслі папярэджанне «за непавагу да суда». Адвакат журналісткі Ганна Бахціна таксама атрымала ад суддзі два папярэджанні.
10:30 Суддзя заявіла, што пасяджэнне адкрытае для людзей, але закрытае для здымкі.
10:10 Ірына Халіп заявіла хадайніцтва аб адводзе суддзі.
«Заявіла хадайніцтва аб адводзе суддзі і пракурору. Яны хацелі зрабіць суд закрытым, мяне не выпускаюць з-за незразумелых кратаў», - напісала журналістка ў «Фэйсбуку».
10:00 Частка людзей засталася чакаць на калідоры.
09:50 Суддзя на працэсе так і не з'явілася. Праз некаторы час сакратар запрасіла Ірыну Халіп і яе адваката выйсці і павяла іх за сабой у іншы кабінет.
09:45 Пасля таго, як што зайшлі ў залу пасяджэння, сакратар запатрабавала, каб людзі з «вялікімі рэчамі» пакінулі яе. Асабліва абурыліся фота-і відэажурналісты, паведаміў сайту charter97.org каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі з залы суда.
09:35 На судовае пасяджэнне над журналісткай прыйшло больш за 20 чалавек. Сярод іх - праваабаронцы, актывісты беларускай апазіцыі і прадстаўнікі замежных амбасад.
09:30 Справу павінна разглядаць суддзя Рыта Шаграй.
Нагадаем, 16 траўня 2011 года жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава была прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.
Яна была асуджаная ў межах справы аб так званых масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Журналістка не мела права пакідаць Менск, была абавязаная кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі і быць дома пасля 22.00.
Між тым Лукашэнка неаднаразова казаў пра тое, што Ірына Халіп можа выязджаць з краіны, і абяцаў арганізаваць ёй такую магчымасць.
13 лютага Ірыне Халіп дазволілі выезд у Велікабрытанію для сустрэчы з мужам і ў Расею для ўдзелу ў рэдакцыйных мерапрыемствах «Новой газеты», дзе яна працуе. Яна вярнулася ў Беларусь 3 красавіка, у адведзены нагляднымі органамі тэрмін.