5 лiстапада 2024, aўторак, 8:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Апазіцыя крытыкуе даклад лабіста Палецкіса

1
Deutsche Welle: Апазіцыя крытыкуе даклад лабіста Палецкіса

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі настойваюць на ўнясенні змяненняў у даклад дэпутата Еўрапарламента Юстаса Палецкіса.

У чым сутнасць іх прапаноў, перадае Deutsche Welle.

Лідары беларускай апазіцыі, праваабаронцы і сваякі палітвязняў прапануюць свае змены ў даклад дэпутата Еўрапейскага парламента ад Літвы Юстаса Палецкіса, які паўторна павінен быць разгледжаны камітэтам па замежных справах Еўрапарламента 8 ліпеня. Першае яго абмеркаванне на пасяджэнні камітэта, якое адбылося 30 траўня, выклікала рэзкую рэакцыю апазіцыі, якая катэгарычна не пагадзілася з шэрагам палажэнняў дакумента.

Падставы для абурэння

У дакладзе, падрыхтаваным Юстасам Палецкісам для Еўракамісіі і Рады ЕЗ, суседнічаюць крытычныя заўвагі пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі з канстатацыяй фактаў, якія сведчаць, як паказана ў дакуменце, пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Менавіта апошні тэзіс выклікаў бурнае абурэнне актывістаў апазіцыі і сваякоў палітвязняў.

Юстас Палецкіс, сцвярджаючы на падставе дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна» аб тым, што «выпадкі палітычна матываваных пераследаў, такія як арышты і ператрусы, скараціліся ў тры разы ў 2012 годзе», не звярнуў увагі на важны факт, паказваюць апазіцыянеры. А менавіта, на тое, што лічбы гэтыя параўноўваюцца з папярэднім годам - годам масавых рэпрэсій, якія захліснулі Беларусь пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 19 снежня 2010 года.

Як падкрэсліў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, на сустрэчы ў Бруселі з дэпутатамі Еўрапарламента перад першым абмеркаваннем дакладу Палецкіса ён абверг асноўныя тэзісы дакумента. Паводле слоў Лябедзькі, беларускія ўлады нязменна негатыўна ставяцца да ўсіх апазіцыйных палітычных структур у Беларусі.

Трохкрокавая стратэгія

Лідар АГП таксама адзначыў, што ў дакладзе няма нават згадкі пра зніклых без вестак вядомых апазіцыйных палітыкаў і журналіста Змітра Завадскага. А такія факты, упэўнены Лябедзька, нельга выпускаць ні ў якім разе. Папраўкі ў даклад Палецкіса неабходныя ў сувязі з ушчамленнем ў Беларусі і эканамічных свабод грамадзян, дадаў Анатоль Лябедзька, які паказаў, што «у краіне ідзе паўзучая прыхватызацыя».

Акрамя крытыкі АГП прапануе літоўскаму еўрапарламентару сваю трохкрокавую стратэгію: вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, свабодныя і сумленныя выбары і толькі потым маштабнае супрацоўніцтва ЕЗ з Беларуссю і план мадэрнізацыі для яе. Гэтую пазіцыю падзяляюць кіраўнікі апазіцыйнай Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, а таксама сваякі палітвязняў.

Сваякі палітвязняў хочуць яснасці

Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, асуджанага на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, заявіла, што канстатавальная частка дакладу Палецкіса, дзе гаворыцца пра паляпшэнне ў Беларусі сітуацыі з правамі чалавека, выклікала ў яе здзіўленне і абурэнне. Адамовіч падпісалася пад заўвагамі да дакладу, прапанаванымі Цэнтрам прававой трансфармацыі.

Яго кіраўнік Алена Танкачова вылучыла галоўныя з заўваг. Па словах Танкачовай, неабходна перагледзець фармулёўку аб якіх-небудзь станоўчых зменах з правамі чалавека ў Беларусі, так як яна не пацвярджаецца фактамі і супярэчыць ацэнкам беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый.

З тэксту дакладу, працягвае Танкачова, павінна недвухсэнсоўна вынікаць, што любыя рэкамендацыі па спыненні дзеяння абмежавальных мер, прадугледжаных ранейшымі рашэннямі ЕЗ, магчымыя толькі пры ўмове вызвалення ўсіх палітвязняў. Гэтыя рэкамендацыі Цэнтра прававой трансфармацыі падтрымалі больш за 20 беларускіх няўрадавых арганізацый.

Гатоўнасць да кампрамісу

У сваю чаргу менскі рэжысёр-кінадакументаліст Юрый Хашчавацкі, стужкі якога распавядаюць пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, лічыць няўдалым сам выбар Юстаса Палецкіса ў якасці аўтара дакладу па Беларусі. Хашчавацкі нагадаў, што літоўскі еўрапарламентар значыўся ў спісе вядомага брытанскага піяршчыка лорда Бэла ў ліку лабістаў Лукашэнкі, з якімі варта папрацаваць, каб пазбегнуць санкцый з боку Захаду.

Між тым Юстас Палецкіс прызнаў памылковасць шэрагу фармулёвак падрыхтаванага ім дакладу і выказаў гатоўнасць іх памяняць. 5 чэрвеня ён абмеркаваў магчымыя папраўкі з прадстаўнікамі розных фракцый Еўрапарламента і паабяцаў «знайсці агульную пазіцыю». Чакаецца, што яшчэ да лістападаўскага саміту «Усходняга партнёрства» ў Вільні даклад будзе вынесены на разгляд пленарнай сесіі Еўрапарламента, якая адбудзецца, як мяркуецца, у верасні.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках