26 лiстапада 2024, aўторак, 22:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: Лукашэнка спрабуе ўбіцца ў ласку да Захаду

46
Reuters: Лукашэнка спрабуе ўбіцца ў ласку да Захаду

Беларускай дыктатуры пільна патрэбныя грошы.

Беларусь, якая перажывае наступствы фінансавага крызісу 2011 года, разлічвае аднавіць даверныя стасункі з АБСЕ, што абвінаваціла яе ў фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэпрэсіях супраць апазіцыі і незалежных СМІ.

Аб гэтым сказаў неўязны ў ЕЗ, беларускі міністр замежных спраў Уладзімір Макей на сустрэчы з прадстаўніком свабоды СМІ АБСЕ Дуняй Міятавіч, паведамляе Reuters.

Заходнія палітыкі і чыноўнікі перасталі наведваць Беларусь пасля жорсткага разгону пратэстаў супраць прызначэння Аляксандра Лукашэнкі на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін у снежні 2010 года, які пацягнуў за сабой турэмныя прысуды дзясяткам апазіцыйных актывістаў, у тым ліку экс-кандыдатаў у прэзідэнты.

«Вы ведаеце аб нашых праблемах у стасунках з ЕЗ... Мы разглядаем, ваш візіт як вельмі важны для аднаўлення даверу паміж беларускай стараной і вашым офісам», - сказаў Макей.

Патрабуючы вызвалення дысідэнтаў, ЕЗ увёў санкцыі супраць Лукашэнкі, шэрагу чыноўнікаў і некалькіх беларускіх кампаній. Менск адказаў на санкцыі ўзмацненнем ціску на апазіцыю і незалежную прэсу.

Аднак апошнім часам улады, сутыкнуўшыся з рэзкім запаволеннем тэмпаў эканамічнага росту на фоне рэкордных выплат замежных пазык, чарговым разам загаварылі пра жаданне палепшыць стасункі з Захадам.

Прадстаўніца АБСЕ сказала, што беларускія ўлады абяцалі спыніць пераслед незалежных журналістаў.

«Я поўная надзеяў, што мы ўбачым святло ў канцы тунэлю», - сказала Міятавіч.

Апошнім часам улады выпусцілі з турмаў частка апанентаў, аднак за кратамі застаюцца яшчэ звыш дзясятка вязняў, і іх вызваленне ЕЗ называе ўмовай аднаўлення дыялогу з Менскам.

«Для ўлады палітвязні - гэта козыр, які яна не хоча выпускаць з рук. Улады не хочуць проста так вызваліць палітвязняў. Яны хочуць прадаць палітвязняў», - сказаў палітолаг Валер Карбалевіч.

Захад адмовіў Менску ў новых крэдытах, таму Менск абапіраецца ў асноўным на фінансаванне, арганізаванае партнёрам Мытнага саюзу - Расеяй. Наўзамен яна прэтэндуе на найбольш прывабныя актывы беларускай эканомікі, якая заснаваная на дзяржаўным рэгуляванні.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках