26 лiстапада 2024, aўторак, 22:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Cuba libre! Жыве Беларусь!

13
Cuba libre! Жыве Беларусь!

Легендарны кубінскі дысыдэнт Гільерма Фарыньяс наведаў рэдакцыю сайта charter97.org і сустрэўся з былымі палітвязнямі.

Гільерма Фарыньяс і дырэктар у правах чалавека кубінска-амэрыканскага фонду Амар Лопэз Монтэнэгра сустрэліся ў Варшаве з кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэем Саннікавым, галоўнай рэдактаркай сайта charter97.org Наталляй Радзінай, каардынатарамі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам, Уладзімірам Кобецам і Аляксандрам Атрошчанкавым, моладзевым лідэрам і журналістам Яўгенам Афнагелем.

Дысідэнт правёў у кубінскіх турмах за сваю грамадскую і палітычную дзейнасць больш за 11 гадоў, 23 разы ён абвяшчаў галадоўкі. Падчас адной з іх ён ледзь не памёр і быў змешчаны ў рэанімацыю. Кубінскі рэжым быў вымушаны пайсці на саступкі і выканаць ягонае патрабаванне аб вызваленні 52 дысідэнтаў з турмаў.

У кастрычніку 2010 года Гільерма Фарыньяс стаў лаўрэатам прэміі імя Андрэя Сахарава, заснаванай Еўрапейскім парламэнтам. Улады Кубы доўгі час адмаўляліся выпускаць яго з краіны. Толькі сёлета пад ціскам міжнароднай грамадскасці дысідэнту дазволілі выехаць за мяжу. Уручэнне прэміі адбудзецца ў Брусэлі 2 ліпеня. Напярэдадні гэтай падзеі Гільерма Фарыньяс наведаў Польшчу.

«Вы ўсё для мяне героі», - сказаў кубінскі дысідэнт, калі яму прадставілі ўдзельнікаў сустрэчы.

Гільерма Фарыньяс распавёў аб сённяшняй сітуацыі ў сваёй краіне і пра тое, як улады Кубы змагаюцца з апазіцыяй. Выявілася, сітуацыя ідэнтычная беларускай.

«Спецслужбы заўсёды спрабуюць раз'яднаць сваіх апанентаў. Яны ствараюць штучную канкурэнцыю і нацкоўваюць адна на адну групы дысідэнтаў. Для Рауля Кастра важна, каб апазіцыя заставалася раздробненай», - сказаў дысідэнт.

Тым не менш, са слоў Гільерма Фарыньяса, супраціўнікі кубінскага рэжыму Кастра цяпер сталі мацнейшымі.

«Дзве найбуйнейшыя апазіцыйныя групы аб'ядналі свае намаганні ў кастрычніку 2012 года. Цяпер яны павялічваюць колькасць актывістаў і пашыраюць сваю сетку на ўсю тэрыторыю краіны. Гэта вайна, а на вайне патрэбныя жаўнеры, таму для нас вельмі важнае залучэнне новых людзей у чынную дзейнасць у Супраціве. Бліжэйшым часам мы наважым, хто менавіта кіне выклік Раулю Кастра», - распавядае Гільерма Фарыньяс.

Ён адзначыў, што кубінскі рэжым апошнім часам быў вымушаны трохі змякчыць рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і пайсці на некаторыя саступкі ў сацыяльным і эканамічным жыцці грамадства. З ягоных слоў, улады рыхтуюцца да «пераходнага перыяду» і разлічваюць на заходнія крэдыты ды зняцце амэрыканскіх санкцый. Менавіта для гэтага ў Гаване вывучаюць досвед іншых дыктатарскіх краін, у тым ліку і лукашэнкаўскай Беларусі. Разам з тым, Гільерма Фарыньяс упэўнены, што Рауль Кастра можа зняць маску «рэфарматара» ў кожны момант. У турмах Кубы па-ранейшаму застаюцца дзясяткі палітвязняў. Дысідэнт не выключае і новых правакацый на свой адрас.

«Цяпер для нас важны распаўсюд інфармацыі пра тое, што адбываецца на Кубе. Прэмія Сахарава - гэта важны знак падтрымкі з боку Еўрапейскага Звязу, які дае нам новыя сілы для барацьбы за свабоду», - кажа ён.

З Брусэля Гільерма Фарыньяс накіруецца ў ЗША. У Вашынгтоне і Атланце ён правядзе сустрэчы з амэрыканскімі палітыкамі, а ў Маямі - горадзе, які стаў штабам кубінскай апазіцыі ў выгнанні - сустрэнецца са сваімі суайчыннікамі, якія былі вымушаныя пакінуць краіну. Пасля гэтага Гільерма Фарыньяс мерыцца вярнуцца на Кубу, каб працягнуць барацьбу супраць рэжыму Кастра.

Беларускія палітыкі распавялі сайту charter97.org пра свае ўражанні ад сустрэчы.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў падкрэсліў, што для апанэнтаў дыктатараў з розных краін важна сустракацца і абменьвацца досведам.

«Я вельмі хацеў пазнаёміцца з Гільерма Фарыньясам. Шмат чуў пра гэтага легендарнага кубінскага дысідэнта, чытаў інтэрв'ю з ім у польскай прэсе. Яно ўразіла мяне глыбокім аналізам і вельмі дакладнымі ацэнкамі сітуацыі. Гільерма Фарыньяс згадваў рэжым Лукашэнкі ў якасці ўзору для цяперашняга кіраўніцтва Кубы, ён добра ведае пра сітуацыю ў нашым рэгіёне. Безумоўна, у дыктатур у розных рэгіёнах ёсць свае асаблівасці, але таксама ў іх шмат падобных рыс. Падчас размовы Гільерма Фарыньяс сказаў пра тое, як спецслужбы кіруюць апазіцыяй, дробняць яе і нацкоўваюць адзін на аднаго. Гэта пераклікаецца з нашай сітуацыяй.

Гэта, безумоўна, легендарны чалавек. Ён прайшоў такія выпрабаванні, якія цяжка нават уявіць, але выжыў і захаваў яснасць розуму. 23 галадоўкі, прычым некаторыя з іх доўжыліся некалькі месяцаў. Ён сядзеў у турме, біўся за сваіх калег і сяброў, бо шмат якія ягоныя галадоўкі былі звязаныя з патрабаваннем вызваліць палітвязняў, што знаходзіліся ў вельмі цяжкім стане.

Такія сустрэчы і размовы вельмі карысныя, бо дыктатуры ёсць у шмат якіх рэгіёнах свету, і тым, хто супрацьстаіць ім, важна супрацоўнічаць, падтрымліваць адзін аднаго і абменьвацца не толькі інфармацыяй пра ціск на дэмакратычныя сілы, але і досведам супрацьстаяння рэпрэсіям», - сказаў Андрэй Саннікаў.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка правёў паралелі паміж беларускім і кубінскім рэжымамі, адзначыўшы, што абодва выжываюць дзякуючы замежнай падтрымцы.

«Сустракаючыся з такімі людзьмі, як Гільерма Фарыньяс, заўсёды адчуваеш, што размаўляеш з блізкім духам чалавекам. Сёння журналісты «Хартыі'97» паказалі яму відэакліп на песню «Грай!» беларускага гурта «Ляпіс Трубяцкой», у якім было шмат кадраў з акцыі 19 снежня 2010 і «маўклівых пратэстаў» 2011 года. Я бачыў рэакцыю Гільерма Фарыньяса на гэта. Ён дастаткова стрыманы чалавек, але я заўважыў, што гэты кліп яго ўзрушыў. Пасля мы абмяркоўвалі ўбачанае. У кліпе былі кадры з амонаўцамі ў масках. Ён сказаў, што такія людзі і ў Беларусі, і на Кубе хаваюць свае твары, бо баяцца за сваю будучыню. Яны разумеюць, што дыктатарскія рэжымы не вечныя.

Я нарадзіўся ў 1963 годзе. Прыкладна ў гэты ж час на Кубе адбылася рэвалюцыя. Тады яе называлі «выспай вольнасці». Рэвалюцыя адбылася пры велізарнай падтрымцы народа. Калі да ўлады ў Беларусі прыйшоў Лукашэнка, вялікая колькасць людзей за яго шчыра галасавалі, спадзеючыся на перамены. Цяпер мы бачым, што Куба стала «выспай няволі», браты Кастра ператварыліся ў дыктатараў, Лукашэнка таксама падмануў свой народ.

Гэта не адзіная агульная рыса. Беларускі рэжым трымаецца на падтрымцы Расеі, і пры падзенні кошту нафты ён лясне. Кастра карыстаўся венесуэльскай падтрымкай. Кубінцы разумеюць, што пасля смерці Уга Чавэса яна значна аслабла.

Я бачу ў Гільерма чалавека, які адчувае, што перамены ў ягонай краіне вось-вось надыдуць. Галоўнае, не прапусціць гэты момант. Ён кажа, што рэжым Кастра асуджаны і для кубінцаў, найперш для апазіцыі, важна не прапусціць гэты шанец. Гэта вельмі сугучна з тым, што адбываецца ў Беларусі», - сказаў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

На заканчэнне сустрэчы на просьбу журналістаў сайта charter97.org Гільерма Фарыньяс пакінуў аўтограф на нумары польскай «Gazety Wyborczej», у якім было апублікаванае інтэрв'ю з ім.

«Беларусам ад чалавека, які захапляецца іх працай для свабоды сваёй краіны», - напісаў Гільерма.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках