26 лiстапада 2024, aўторак, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джуд Лоў здымецца ў фільме Свабоднага тэатра

10
Джуд Лоў здымецца ў фільме Свабоднага тэатра

Прадзюсарамі фільма сталі газета «Guardian» і лонданскі тэатр «Young Vic».

Сцэнар карціны напісалі ўдзельнікі Свабоднага тэатра з Беларусі і англійскі драматург Лора Вэйд, піша сайт «Guardian».

Гэта не першы выпадак супрацоўніцтва Джуда Лоў са Свабодным тэатрам. Падчас паказу ў Лондане ў снежні 2010 года спектакляў «Спасцігаючы каханне» і «Лічбы», ён прыняў удзел у пастаноўках. Таксама Джуд Лоў выступіў з відэазваротам да беларусаў, у якім падкрэсліваў значнасць свабоды слова і свабоды творчага выражэння. Брытанскі акцёр прымаў удзел і ў акцыях салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

Кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін распавёў «Радыё Свабода» пра фільм.

«Кінапраект лонданскага тэатра «Young Vic» і газеты Guardian» - гэта спроба шчыльна звязаць тэатр з кінематографам. У аснове яго ідэі - кінаадаптацыі ў кароткаметражнай мастацкай форме самых гучных спектакляў, якія ідуць на працягу сезона на сцэне тэатра «Young Vic». Але прачытанне гэтых спектакляў хутчэй алегарычнае, у форме кароткай метафары. Беларускі Свабодны тэатр апынуўся ў ліку чатырох груп дзякуючы паспяховым праектам на сцэне тэатра «Young Vic», рэзiдэнтам якой з'яўляецца беларускі калектыў.

Умовы ва ўсіх чатырох творчых груп аднолькавыя: выдзеленая аднолькавая сума на здымачныя выдаткі пры захаванні абсалютнай творчай свабоды, кастынгу і стылю выкладання матэрыялу.

Першапачатковы штуршок да стварэння сцэнара дала Наталля Каляда, прапанаваўшы змясціць гісторыю ў тэрмінале аэрапорта. Пасля гэтага я напісаў сцэнар, запрасіўшы да супрацоўніцтва бліскучага драматурга Лору Вэйд, якая адаптавала яго пад брытанскую аўдыторыю. Мы шмат гадоў сябруем і добра разумеем адзін аднаго, таму над сцэнаром працавалася лёгка. Гэтая лёгкасць канвертавалася ў вынік: сцэнар быў прыняты з першага драфта - мы яго практычна не дапрацоўвалі, што для кінематаграфічнага асяроддзя вялікая рэдкасць.

Асноўнай ідэяй было напаўненне гэтай кароткай кінагісторыі асабістым стаўленнем, як гэта і адбываецца ў сцэнічных працах Свабоднага тэатра, таму мы абапіраліся на нашы перажыванні і вопыт апошніх гадоў. Менавіта таму ўзнікла ідэя запрасіць для здымкі Джуда Лоў. Гэта было абумоўлена некалькімі момантамі. Па-першае, мы сябруем ужо некалькі гадоў. Па-другое, Джуд - адзін з папячыцеляў Свабоднага тэатра. Па-трэцяе, у нас ужо быў вопыт сумеснай працы: Джуд разам з Сiенай Мілер выходзіў на сцэну ў нашым спектаклі «Спасцігаючы каханне» ў «Young Vic» восенню 2010 года. А ў 2011 годзе мы з ім удваіх сыгралі спектакль «Пакаленне Jeans» у будынку брытанскага Парламента.

Сюжэт фільма будуецца вакол сустрэчы ў тэрмінале лонданскага аэрапорта беларуса, які павінен перасесці на рэйс да Менска, і брытанца, які вярнуўся дадому. Не хачу расказваць сюжэт, каб захавалася інтрыга для гледачоў. Галоўныя ролі згуляем мы з Джудам, паколькі мы збольшага з'яўляемся прататыпамі герояў, а функцыі рэжысёра пагадзіўся ўзяць на сябе Уладзімір Шчэрбань», - распавёў Мікалай Халезін.

У бліжэйшы час пачнуцца здымкі і мантаж, пасля чаго фільм будзе паказаны на сайце газеты «Guardian».

«Для Свабоднага тэатра гэта першы зварот да кінематографа, і мы спадзяемся, што не апошні. У нас ёсць гісторыі і ёсць доступ да вядучых брытанскіх кінапрадзюсераў, - мы вядзем перамовы і паступова рухаемся наперад да стварэння паўнаметражнага кіно», - сказаў кіраўнік Свабоднага тэатра.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках