27 лiстапада 2024, Серада, 6:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наста Лойка: Аліневіч можа не выйсці з турмы жывым

16
Наста Лойка: Аліневіч можа не выйсці з турмы жывым

Рашэнне апублікаваць кнігу «Еду ў Магадан» асуджанага анархіста Ігара Аліневіча - гэта акт гераізму.

Пра гэта заявіла на прэзентацыі выдання праваабаронца Наста Лойка. Пры гэтым яна падкрэсліла, што пасля яе выдання «ніхто не гарантуе, што ён выйдзе жывым і здаровым», піша БелаПАН.

Кніга, якая выйшла тыражом 900 экземпляраў у Расеі за сродкі сяброў Ігара Аліневіча, распавядае пра гісторыю злову анархіста і яго сяброў, пра час яго знаходжання ў следчым ізалятары КДБ, эпізоды сустрэч у няволі з людзьмі, якія праходзілі па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года ў Менску.

Па словах Лойка, апісаныя ў кнізе моманты важныя як вопыт, паколькі людзі «баяцца таго, чаго не ведаюць», а расказанае ў гэтай працы палегчыць страх перад невядомасцю многіх.

Лідар кампаніі «Гавары праўду!», паэт Уладзімір Някляеў падкрэсліў, што праца Аліневіча - «не толькі магутны факталагічны матэрыял, але і вельмі добрая літаратура». Ён адзначыў, што самае галоўнае ў кнізе асуджанага анархіста - чалавечая годнасць.

Сябар дзяцінства Аліневіча, які назваўся Змітром, выказаў перакананне, што турэмны тэрмін не зломіць асуджанага і ён выйдзе «не горшым чалавекам, чым туды патрапіў». «Для яго, як для, можна сказаць, сацыяльнага інжынера - гэта каласальны вопыт вывучэння сістэмы знутры», - сказаў удзельнік прэзентацыі.

«Ігар такі чалавек, які, здаецца, калі яму надакучыць, проста адкрые дзверы і выйдзе з турмы», - ахарактарызаваў стойкасць і накіраванасць Аліневіча яго таварыш Аляксандр, які падзяляе анархічныя погляды.

27 траўня 2011 года суд Завадскога раёна асудзіў Аліневіча па ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 2, 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) Крымінальнага кодэкса. Ён быў прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Працэс па справе беларускіх анархістаў пачаўся 18 траўня 2011 года. Яны абвінавачваліся ў здзяйсненні шэрагу нападаў на будынкі і падпалаў, у прыватнасці ў правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Мінабароны ў 2009 годзе, закідванні бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і будынка Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Ім таксама інкрымінаваўся шэраг нападаў на іншыя будынкі: закідванне фаерамі сталічнага казіно «Шангры Ла» і будынка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, спробы падпалу аддзяленняў «Беларусбанка» і «Банка Масква-Менск», аддзялення міліцыі ў Салігорску.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках