27 лiстапада 2024, Серада, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску прэзентавалі кнігу палітвязня Аліневіча

8
У Менску прэзентавалі кнігу палітвязня Аліневіча

Прэзентацыя кнігі «Еду ў Магадан» адбылася 19 красавіка ў Менску.

Кніга, выдадзеная тыражом 900 экземпляраў у Расеі за сродкі сяброў Ігара Аліневіча, распавядае пра гісторыю злову анархіста і яго сяброў, пра час яго знаходжання ў следчым ізалятары КДБ, эпізоды сустрэч у няволі з людзьмі, якія праходзілі па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года ў Менску. Рэальныя падзеі ў ёй перамяжоўвалася з яго развагамі аб сацыяльным, палітычным, эканамічным устройстве ў Беларусі і свеце ў цэлым, піша БелаПАН.

Напісаны ў зняволенні, рукапіс «Еду ў Магадан» з вялікай цяжкасцю трапіў у рукі сваякоў, паведаміла мама асуджанага анархіста Валянціна Аліневіч. Калі пра кнігу стала шырока вядома, з Ігарам абарвалася любая сувязь - апошні ліст прыйшоў 19 сакавіка, і з таго моманту ад яго няма вестак. Мама Аліневіча не выключае, што публікацыя гэтай працы ўскладніла яго знаходжанне ў наваполацкай калоніі № 10, дзе ён адбывае пакаранне. Тым не менш выдаць кнігу было жаданнем самога Аліневіча, адзначыла яна.

«Гэтая кніга - глыток праўды, - лічыць Валянціна Аліневіч. - Чалавек, які яе прачытае, паглядзіць у вочы рэальнасці, убачыць, што ў нас адбываецца. Не кожны чалавек можа праўдзіва распавесці пра тыя рэчы, якія ён перажыў. Асабліва гэтая кніга будзе цікавая моладзі, якая часта не разумее, дзе знаходзіцца, жыве ў грамадстве спажывання, забівае сваё жыццё невядома на што».

У сваім апошнім лісце Аліневіч пісаў, што цяпер ён можа спакойна пісаць лісты і чытаць кнігі, паколькі раней лічыў сваім абавязкам перш дапісаць «Еду ў Магадан», падкрэсліла мама анархіста.

27 траўня 2011 года суд Завадскога раёна асудзіў Аліневіча па ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 2, 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) Крымінальнага кодэкса. Ён быў прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Працэс па справе беларускіх анархістаў пачаўся 18 траўня 2011 года. Яны абвінавачваліся ў здзяйсненні шэрагу нападаў на будынкі і падпалаў, у прыватнасці ў правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Мінабароны ў 2009 годзе, закідванні бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і будынка Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Ім таксама інкрымінаваўся шэраг нападаў на іншыя будынкі: закідванне фаерамі сталічнага казіно «Шангры Ла» і будынка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, спробы падпалу аддзяленняў «Беларусбанка» і «Банка Масква-Менск», аддзялення міліцыі ў Салігорcку.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках