27 лiстапада 2024, Серада, 5:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павал Дэмеш: Трэба скасаваць візы для беларусаў і ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму

105
Павал Дэмеш: Трэба скасаваць візы для беларусаў і ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму

Змякчэнне пазіцый у дачыненні да дыктатуры стане безумоўнай перамогай Лукашэнкі над ЕЗ.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіў былы міністр замежных спраў Славакіі, эксперт Нямецкага Фонду Маршала Павал Дэмеш.

«Я не заўважыў, каб у Беларусі неяк мянялася сітуацыя з правамі чалавека. Таму мне не зразумела, чаму раптам мякчэе пазіцыя Еўразвяза. Ад афіцыйнага Менска Еўразвяз чакае вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў. Гэта самыя важныя крокі, якія павінен зрабіць афіцыйны Менск. Пакуль гэта не адбудзецца, Еўразвязу не варта рабіць крокі насустрач, напрыклад, выключаць са спісу неўязных міністра замежных спраў Беларусі. Гэта было б памылкай.

Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе ўжо амаль 19 гадоў, - майстар балансавання паміж Захадам і Расеяй. Ён заўсёды сапраўды адчувае, што і калі яму трэба зрабіць. Сёння ў Еўразвязе палітычны і фінансавы крызіс. Гэты ўнутраны крызіс Еўразвяза ўплывае на стратэгічны падыход да Беларусі. Лукашэнка кажа, што палітвязні - гэта не так важна, што трэба весці прагматычны дыялог. Калі ЕЗ пагодзіцца, то гэта стане перамогай Лукашэнкі, ён пакажа, што гаспадар у сваёй хаце, і будзе дыктаваць сваю палітыку Еўразвязу», - заявіў славацкі палітык.

На думку былога кіраўніка МЗС Славакіі, Беларусь «знаходзіцца ў вядомых геапалітычных варунках», і яму незразумела, што раптам змянілася:

«З аднаго боку - Захад і Еўразвяз, з другога боку - Усход і Еўразійскі саюз. І ціск Расеі на Беларусь. Гэта рэальнасць. Што змянілася? Чаму Еўразвяз змяняе падыход да Беларусі? Чаму гэтая прынцыповасць, з якой Еўразвяз дзейнічаў пасля брутальных падзей снежня 2010 года, мяняецца? Сітуацыя ў Еўразвязе змянілася, а ў Беларусі - не змянілася. Ёсць асіметрыя ў стасунках. У Еўропе крызіс. А ў Беларусі Лукашэнка ўмацаваў сваю ўладу і татальны кантроль, знішчыўшы грамадзянскую супольнасць і палітычную апазіцыю.

Еўразвяз цяпер мае партнёра, які не больш адкрыты да тых умоў, якія яму дыктаваў Еўразвяз, чым раней. І ў гэтых варунках Еўразвяз гатовы ісці на дыялог дзеля эканамічнай прагматыкі. Мне незразумелая гэтая логіка. Па-першае, калі Еўропа пойдзе на дыялог з Беларуссю да таго, як палітвязні выйдуць на волю, гэта будзе прыкмета слабасці. Па-другое, калі нехта называе палітыку Еўразвяза да Беларусі «дыялогам аб мадэрнізацыі», то як можна весці дыялог без таго, каб Лукашэнка нічога не саступаў? Калі гэта адбудзецца, то зноў жа гэта будзе перамогай Лукашэнкі над Еўразвязам».

Павал Дэмеш ўпэўнены: Лукашэнка разумее толькі сілу:

«Ён гулец, які выкарыстоўвае сілу ў сваёй краіне і выкарыстоўвае сілу ў міжнародных дачыненнях. Калі пакажаш слабасць, то ён выкарыстоўвае гэта. Лукашэнка - інтуіцыйны палітык і добра ведае, як працуе Еўразвяз, ведае, як цяжка дамаўляцца 27-мі чальцам Еўразвяза. На маю думку, у палітыку Еўразвяза трэба ўключыць два важных кірункі. Па-першае, трэба ўвогуле скасаваць візы для беларусаў, каб яны маглі падарожнічаць у Еўразвяз. Па-другое, не аслабляць, а ўзмацняць санкцыі, паказаць, што ў Еўразвяза ёсць вагары, як зрабіць жыццё рэжыму яшчэ менш выгодным.

Палітвязні - гэта мінімальны тэст. Гэта не канец. Калі палітвязні будуць рэабілітаваныя, лібералізацыя палітычнай і грамадзянскай сфер павінна працягвацца. Калі Лукашэнка вызваліць палітвязняў, гэта не павінна стаць «дасягненнем нірваны».

Лукашэнка ўжо перажыў шмат якіх камісараў Еўразвяза. Калі камісары Еўразвяза думаюць, што яны зробяць трохі тут, крыху там, каб іхняе імя было звязанае з маленькімі поспехамі, гэта дрэнны разлік. У Лукашэнкі вялікі досвед выкарыстання слабасці еўрапалітыкаў у дачыненні да Беларусі. Таму трэба думаць не толькі пра тое, як паказаць сілу ў стасунках з Лукашэнкам і ягоным рэжымам, а як паказаць насельніцтву, якое ўплывае на палітычную дынаміку ў краіне, што мы думаем пра Беларусь не толькі як аб тэарэтычнай праблеме, а як аб краіне-суседцы , у якой жыве блізу 10 мільёнаў чалавек і для якіх мы хочам што-небудзь зрабіць».

Са слоў палітыка, сітуацыя ў Беларусі сёння нагадвае сітуацыю ў Вугоршчыне, Чэхаславакіі і Польшчы да 1989 года.

«Тады ў нас была дыктатура і не было ніякіх палітычных і грамадзянскіх вольнасцяў. У Беларусі - дыктатура, таму няма рэальных варункаў для палітычнай апазіцыі, якая магла б уплываць на насельніцтва і на міжнародныя дачыненні краіны. Гэта - група дысідэнтаў, якая імкнецца што-кольвек зрабіць для сваёй краіны. Адны думаюць, што манеўраванне або калабарацыянізм з рэжымам дапаможа краіне захаваць незалежнасць, бо гэтыя людзі баяцца, што Расея прылучыць Беларусь у свой склад. Іншыя дысідэнты мяркуюць, што важна іншае. Я думаю, што Лукашэнка выкарыстоўвае гэтыя групы дысідэнтаў, якія называюцца апазіцыяй, для сваіх мэт. І Еўразвяз у пэўныя перыяды працуе з тымі людзьмі з гэтых дысідэнцкіх групаў, якія падтрымліваюць падыходы Брусэля.

У Беларусі ніводная апазіцыйная група, палітычная партыя, арганізацыя грамадзянскай супольнасці не маюць рэальнай магчымасці ўплываць на палітыку ўнутры краіны або на замежную палітыку. Лукашэнка цалкам кантралюе сітуацыю. Нам гэта трэба ўлічваць, а не выкарыстоўваць тую ці іншую апазіцыйную групу. Усе беларусы, якіх я знаю, хвалююцца за лёс сваёй краіны. З боку Еўразвяза недарэчна казаць: «Вы - апазіцыя, будзьце адзіныя, стварыце кааліцыю, дамоўцеся пра аднога лідара, які будзе кандыдатам у прэзідэнты». Гэта ілюзія. У варунках, якія стварыў Лукашэнка, гэта немагчыма», - упэўнены Дэмеш.

Напісаць каментар 105

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках