26 лiстапада 2024, aўторак, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа Магніцкага: суд адклаў слуханні да 22 сакавіка

4
Справа Магніцкага: суд адклаў слуханні да 22 сакавіка

Цвярскі суд Масквы адклаў да 22 сакавіка разгляд крымінальнай справы супраць памерлага юрыста Сяргея Магніцкага і былога працадаўцы Магніцкага - кіраўніка фонду Hermitage Capital Уільяма Браўдэра.

Судовае пасяджэнне працягвалася менш за 10 хвілін, паведаміў з залы суда карэспандэнт Рускай службы Бі-бі-сі.

На пасяджэнні не прысутнічалі адвакаты абароны. Суддзя паведаміў, што яны просяць дадатковы час для азнаямлення з 60-ю тамамі справы.

Прадстаўнікі абвінавачванні заявілі, што ў адсутнасці адвакатаў Магніцкага працэс працягваць немагчыма. Разам з тым пракурор палічыў, што даць адтэрміноўку да траўня, як таго патрабавала абарона, будзе немэтазгодна.

Пракуратура прапанавала перанесці слуханні на бліжэйшы час. Прысутная прадстаўнік пацярпелага боку - гэта значыць падатковай службы - пагадзілася з гэтым.

Адвакаты сям'і Магніцкага і кіраўніка Hermitage Capital Уільяма Браўдэра адмовіліся ад удзелу ў працэсе; інтарэсы абвінавачаных прадстаўляюць прызначаныя судом дзяржаўныя адвакаты, якія заявілі, што не мелі права адмовіцца весці справу.

«Амаральна і незаконна»

Памерлага ў лістападзе 2009 года Сяргея Магніцкага пасмяротна абвінавачваюць у тым, што ён садзейнічаў кампаніі Браўдэра ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у Расеі.

Суд над памерлым чалавекам пракуроры тлумачаць жаданнем устанавіць ісціну ў рэзананснай справе.

Як тлумачаць расейскія следчыя органы, разгляд справы ў дачыненні да нябожчыкаў магчыма па просьбе сваякоў, якія разлічваюць на рэабілітацыю чалавека.

Маці Сяргея Магніцкага, аднак, назвала працэс амаральным і незаконным.

Паводле яе слоў, справа, закрытая пасля гібелі сына, была адноўленая з мэтай ачарніць Магніцкага, які раскрыў буйную карупцыйную схему, і прадставіць яго самога злачынцам.

«Адкрыцці» на расейскім тэлебачанні

Напярэдадні суда на расейскім тэлебачанні паказалі некалькі сюжэтаў, якія нібыта выкрываюць незаконную дзейнасць Браўдэра ў Расеі.

Так, на Першым канале выйшаў матэрыял аб тым, што Браўдэр нібыта фіктыўна наймаў на працу ў Калмыкіі інвалідаў дзеля атрымання падатковых льгот.

Тэлеканал «НТВ", у сваю чаргу, прадэманстраваў фільм, згодна з якім, Магніцкі, знаходзячыся ў СІЗА, адмаўляўся сведчыць супраць сябе па распараджэнні Браўдэра, разлічваючы, што той дапаможа яму выйсці з турмы.

За тыдзень да пачатку слуханняў па сутнасці справы Магніцкага-Браўдэра кіраўніку фонду Hermitage Capital завочна прад'явілі новае абвінавачанне - па справе аб незаконнай скупцы акцый ААТ «Газпрам». Раней Браўдэр сам публічна заяўляў пра крадзяжы ў «Газпраме».

У Hermitage Capital абвінавачванні назвалі абсурднымі і заявілі, што «МУС Расеі перакваліфікавалі ў міністэрства прапаганды».

Кампанія Браўдэра

Магніцкага будуць судзіць у рамках той жа крымінальнай справы, у ходзе расследавання якой ён памёр у лістападзе 2009 года, знаходзячыся ў следчым ізалятары.

Як сцвярджаюць праваабаронцы, Магніцкі загінуў з-за дрэнных умоў утрымання і адмовы ў медыцынскай дапамозе - аднак адзіны абвінавачаны па справе аб яго гібелі, былы намеснік начальніка СІЗА «Бутырка», быў апраўданы ў снежні мінулага года.

Летам 2011 года супраць памерлага Магніцкага распачалі другую крымінальную справу - аб дачыненні да крадзяжу з дзяржаўнага бюджэту 5,4 млрд рублёў.

Пасля гібелі Магніцкага Уільям Браўдэр, які знаходзіцца ў Велікабрытаніі, пачаў міжнародную кампанію з мэтай дамагчыся прыцягнення да адказнасці чыноўнікаў, якіх ён лічыць вінаватымі ў смерці Магніцкага.

У снежні ў ЗША ўступіў у сілу закон, які ўводзіць санкцыі ў дачыненні да расейскіх чыноўнікаў, якія падазраюцца ў датычнасці да смерці Магніцкага.

Восенню 2012 года Еўрапейскі парламент прагаласаваў за рэзалюцыю, якая прапануе заснаваць аналагічны «спіс Магніцкага» для Еўразвяза.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках