Арышты ва ўпраўленні справамі Лукашэнкі
238- 7.02.2013, 12:08
Дыктатар пацвердзіў, што частка супрацоўнікаў УСП арыштаваныя.
Лукашэнка выказаў шэраг прэтэнзій у адрас Упраўлення справамі, адзначыўшы факты маніпуляцый з эканамічнымі паказчыкамі ў гэтым ведамстве і паказаўшы на сур'ёзныя недахопы ў працы з кадрамі, піша «Інтэрфакс».
«Адбываюцца невытлумачальныя, я гэта мякка кажу, маніпуляцыі эканамічнымі паказчыкамі. Больш за тое, выкрываюцца прамыя фінансавыя парушэнні, якія становяцца прадметам разгляду з пазіцыі ўжо Крымінальнага кодэкса. Уявіць цяжка, як гэта стала магчымым у дадзенай структуры», - заявіў Лукашэнка ў чацвер на нарадзе па пытаннях павышэння эфектыўнасці дзейнасці Упраўлення справамі дыктатара і падпарадкаваных яму арганізацый.
Ён адзначыў сур'ёзныя недахопы ў працы з кадрамі. «Яны не толькі не растуць прафесійна, але часцяком дэградуюць у дзелавым і маральным сэнсе, даходзіць да следчага ізалятара», - сказаў Лукашэнка. У сувязі з гэтым, падкрэсліў ён, «патрэбныя маладыя перспектыўныя кіраўнікі, галоўныя спецыялісты, здольныя ажывіць эканоміку, фінансавую палітыку, інвестыцыйную дзейнасць».
Кіраўнік заявіў, што неабходнасць правядзення сённяшняй нарады звязана з тым, што вынікі, дасягнутыя арганізацыямі Упраўлення справамі (УС), «нас вельмі не задавальняюць». «Галоўнай прычынай сённяшняй размовы я лічу небяспечны застой у працы такой найважнейшай структуры, як ваша, а ён (застой - ІФ) праяўляецца практычна ва ўсім», - канстатаваў ён.
У прыватнасці, адзначыў Лукашэнка, зацягнулася арганізацыйная праца на шэрагу прадпрыемстваў па іх комплекснай мадэрнізацыі, не вызначаныя крыніцы фінансавання, несвоечасова распрацоўваюцца бізнес-планы інвестыцыйных праектаў.
Лукашэнка заявіў, што «ад усіх галін мы патрабуем паскораных тэмпаў мадэрнізацыі вытворчасці - гэта дыктуе як сусветны рынак, так і эканоміка нашай краіны». «На прадпрыемствах вашай структуры працэс, па вялікім рахунку, не пачынаўся. Сёння вы не можаце прадэманстраваць ні найноўшых тэхналогій, ні апошніх навуковых дасягненняў, укаранёных у вытворчасць», - сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.
Нагадаем, што, па непацверджанай пакуль інфармацыі, раней быў арыштаваны былы кіраўнік справамі Лукашэнкі Мікалай Корбут.