Корбут змешчаны пад хатні арышт?
132- 6.02.2013, 11:27
(абноўлена) Інфармацыя пра гэта з'явілася сёння раніцай у інтэрнэце.
Пра тое, што былы кіраўнік справамі Лукашэнкі Мікалай Корбут змешчаны пад хатні арышт, паведаміў сайт «Белорусский партизан» са спасылкай на ўласныя крыніцы. Нібыта Віктар Шэйман, вярнуўшыся ў адміністрацыю Лукашэнкі ў якасці кіраўніка ўпраўлення справамі, паведаміў дыктатару, што ў Сочы на беларускіх аб'ектах раскрадаюць дзяржаўныя грошы, а тэрміны здачы аб'ектаў зрываюцца.
Папярэдніка Шэймана змянілі пасля абвінавачванняў у тым, што той дапусціў масавыя парушэнні пры будаўніцтве беларускіх аб'ектаў у Сочы.
Ідзе следчая праверка, да завяршэння якой Мікалай Корбут змешчаны пад хатні арышт.
Больш за тое, яго намеснік нібыта паспрабаваў скончыць жыццё самагубствам - прама ў працоўным кабінеце ён ускрыў сабе вены. На шчасце, ён застаўся жывы і змешчаны ў шпіталь. Толькі спроба суіцыду выратавала чыноўніка ад арышту.
Ва Упраўленні справамі, аднак, журналістам інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» абверглі гэтую інфармацыю. Па словах супрацоўніцы, якая прадставілася сакратаром, ні першае, ні другое не адпавядае рэчаіснасці.
Нагадаем, што Мікалай Корбут змяніў вясной 2009 года Мікалая Дамашкевіча на прэзідэнцкай гаспадарцы, які сышоў ціха, але ледзь не сеў у турму за хабар. Дарэчы, гэтага Корбута не трэба блытаць з былым міністр фінансаў, гэта яго цёзка, які працаваў у структуры кіраўніка справамі першым намеснікам.
Тады ж Лукашэнка паставіў задачу ўвесці ў строй усе беларусскій аб'екты, якія будуюцца ў Сочы, да Алімпіяды-2014: спартыўна-аздараўленчы цэнтр у Чырвонай паляне, развіццё санаторыя «Беларусь» у Сочы, рэканструкцыя і будаўніцтва тут новых аб'ектаў.