26 лiстапада 2024, aўторак, 23:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марэк Буцько: Дыктатура можа разлічваць толькі на маргіналаў

31
Марэк Буцько: Дыктатура можа разлічваць толькі на маргіналаў

Лукашэнка спрабуе прарвацца на Захад, выкарыстоўваючы любыя шчыліны.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў намеснік кіраўніка польскага фонду «Свабода і дэмакратыя», былы першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску Марэк Буцько. Так ён пракаментаваў заключэнне дамоўленасці паміж пралукашэнкаўскай арганізацыяй «Белая Русь» і польскай партыяй «Самаабарона».

«Рэйтынг папулярнасці «Самаабароны» - менш за адзін адсотак, яна наўрад ці трапіць у парламент пасля наступных выбараў. Таму падобныя дамоўленасці для польскай палітыкі ніякага значэння не маюць. Яны патрэбныя Лукашэнку. Па-першае, ён спрабуе выкарыстаць любую шчыліну для таго, каб прарвацца на Захад, хоць наўрад ці «Самаабарона» яму ў гэтым дапаможа. Па-другое, што больш рэальна, гэты факт патрэбны яму для ўласнай прапаганды ўнутры краіны. Ён выставіць падпісанне дамоўленасцяў у якасці вялікага дыпламатычнага прарыву і паказчыка высокага ўзроўню супрацоўніцтва з польскімі палітыкамі. На самай справе гэта, вядома, не так», - заявіў палітык.

Марэк Буцько нагадаў, што супрацоўніцтва паміж беларускім кіраўніком і польскай радыкальнай партыяй было і раней.

«Мы ўсе памятаем пра тую падтрымку, якую аказваў беларускаму кіраўніку былы лідэр «Самаабароны» Анджэй Лепер. Ён прыязджаў у Беларусь і выказваўся ў падтрымку дыктатара ў польскіх СМІ. Тады ў Польшчы гэта выклікала велізарнае абурэнне», - сказаў ён.

Марэк Буцько ўпэўнены, што калі дыктатар і зможа знайсці прыхільнікаў на Захадзе, то толькі сярод маргіналаў, якія спрабуюць патрапіць у СМІ дзякуючы скандалам.

«Самаабарона» на сённяшні дзень - адзіная групоўка, на якую ён можа разлічваць. У любой краіне ёсць нейкія маргінальныя і папулісцкія рухі і арганізацыі. Але ніхто з буйных польскіх ці еўрапейскіх партый на такое не пойдуць. Для «Самаабароны» падобныя дамоўленасці патрэбныя выключна для таго, каб засвяціцца на некалькі хвілін у СМІ. Вядома, я дапускаю, што ёсць яшчэ нейкія прычыны, пра якія мы не ведаем», - сказаў польскі палітык.

Нагадаем, сёння ў Менску было заключанае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж польскай радыкальнай партыяй «Самаабарона» і пралукашэнкаўскай «Белай Руссю». Яго падпісалі кіраўнікі арганізацый Лех Курапатвіньскі і Аляксандр Радзькоў.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках