27 лiстапада 2024, Серада, 4:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа павінна спыніць гульні з дыктатурай

67
Еўропа павінна спыніць гульні з дыктатурай

(абноўлена) Круглы стол аб сітуацыі ў Беларусі прайшоў у Вене ў рамках дзеянняў зімовай сэсіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

У імпрэзе ўзялі ўдзел лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна і дачка былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, а цяпер палітвязня Мікалая Статкевіча Кацярына, а таксама спецдакладчык Рады правоў чалавека ААН Міклаш Харашці, старшыня Камітэта правоў чалавека ПА АБСЕ Матэа Мэкачы, дэлегацыі ЗША, Швецыі, Польшчы, Нямеччыны, Вугоршчыны, Літвы, Грузіі ды іншых краін.

Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, Кацярына Статкевіч распавяла аб сітуацыі з ейным бацькам, аб катаваннях і ціску, якія на яго чыняцца ў турме, і адзначыла, што, нягледзячы на гэта, Мікалай Статкевіч заклікае не таргавацца з дыктатурай, бо ад гэтага палітвязням стане толькі горш.

Жанна Літвіна казала пра сітуацыю з прэсай у Беларусі і распавяла таксама пра пастаўленых пад рэпрэсіі журналістаў, у прыватнасці, пра Ірыну Халіп, Анджэя Пачобута і Антона Сурапіна.

Андрэй Саннікаў спыніўся на тым, якой павінна быць палітыка Захаду ў дачыненні да Беларусі.

«Я казаў пра тое, што год таму ў гэты час быў у турме. Было мала надзеі, што мяне калі-небудзь вызваляць. Але калі Еўразвяз увёў санкцыі, мяне і Змітра Бандарэнку вызвалілі. Я ўпэўнены, што толькі такім метадам можна дамагчыся вызвалення вязняў сумлення.

У АБСЕ вялікі досвед кантактаў з дыктатурамі, рабілася шмат авансаў рэжыму Лукашэнкі, але ад гэтага дыктатура толькі мацнела. Распачатая вайна супраць цэлага народа. Праваабаронцы паведамляюць, што траціна людзей у астрогах - невінаватыя. З майго асабістага досведу ведаю, што іх яшчэ больш.

Я прапанаваў вярнуцца да таго, што было ў пачатку 2000-х гадоў - прыпыніць сяброўства «палаты прадстаўнікоў» Беларусі ў АБСЕ, перш за ўсё, да вызвалення ўсіх палітвязняў. Еўропа павінна спыніць гульні з дыктатурай. Еўразвязу, Радзе Еўропы і АБСЕ трэба гаварыць адным голасам і, можа быць, вярнуцца да фармату «тройкі», бо Брусель цяпер спрабуе знайсці магчымасць супрацоўніцтва з Лукашэнкам, а камісар Рады Еўропы спрэс абгрунтавана мяркуе, што ў суседніх з Беларуссю краінах трэба рыхтаваць прытулак для беларускіх апазіцыянераў, праваабаронцаў і журналістаў», - адзначыў Андрэй Саннікаў.

Анатоль Лябедзька пагадзіўся з пазіцыяй Андрэя Саннікава аб неабходнасці выключэння дэлегацыі беларускай «палаткі» з АБСЕ.

«Гэта быў аркестр, гралі па адных нотах. Для нас сама пастаноўка гэтага пытання вельмі актуальная, бо апошняя выбарчая кампанія была абсалютна брутальнай. Яна прычынілася да таго, што зноў усе 109 так званых «дэпутатаў» прызначаныя, яны не абраныя людзьмі і нікога тут не прадстаўляюць».

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках