Дэвід Крэмэр: Пуцін абдзяляе Расею дзеля Лукашэнкі
15- 27.12.2013, 9:38
- 17,104
Расейскі лідар працягвае дэманстраваць шчодрасць да суседзяў у той час, як эканамічныя паказчыкі яго краіны не ўражваюць.
Міжнародныя эксперты лічаць, што крэдыт, вылучаны Беларусі, не ўратуе эканоміку нашай краіны, перадае «Голос Америки».
Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута міжнароднай эканомікі Петэрсана Андэрс Ослунд (Anders Aslund, Peterson Institute for International Economics) называе крэдыт «кропляй у моры», адзначаючы, што падобнага роду «пазыкі» сталі асноўным фарматам узаемаадносінаў паміж Масквой і Менскам: «Штогод Беларусь атрымлівае ад Расеі каля 10 мільярдаў даляраў у выглядзе субсідый, датацый і крэдытаў. Цяпер беларуская эканоміка знаходзіцца не ў самым лепшым стане; у Лукашэнкі скончыліся грошы, і ён зноў паехаў за імі да Пуціна».
Лукашэнка, на думку эканаміста, у чарговы раз дапускае адну і тую ж памылку: у часы крызісу ён павышае зарплаты высокапастаўленым чыноўнікам. «Сёння беларуская эканоміка не можа сабе гэтага дазволіць. У выніку гэтага дэфіцыт толькі расце і яго неабходна тэрмінова пагашаць», - сказаў Ослунд.
Кіраўнік уплывовай праваабарончай арганізацыі Freedom House Дэвід Крэмер (David Kramer) лічыць, што, вылучыўшы Лукашэнку крэдыт, Пуцін абдзяляе Расею, эканоміка якой прабуксоўвае.
«Нешта падобнае ўжо здаралася. Напрыклад, у лістападзе 2011 года, калі Пуцін дапамог Лукашэнку. Аднак расейскі лідар працягвае дэманстраваць шчодрасць да суседзяў у той час, як эканамічныя паказчыкі яго краіны не выглядаюць уражліва. Нягледзячы на тое, што Расея займае трэцяе ў свеце месца па запасах канверсоўнай валюты, яе ВУП за бягучы год ніжэй чаканага, а прагнозы на будучыя гады былі паніжаныя экспертамі Сусветнага банка і расейскімі эканамістамі», - заўважыў Крэмер.
Нагадаем, па выніках сустрэч у Маскве, 24 і 25 снежня, Менску будзе вылучана 2 мільярда даляраў крэдыту тэрмінам на 10 гадоў.