Яроменак на шляху ў турму: Перажываю за цяжарную жонку
4- 11.12.2013, 12:47
- 11,729
Актывіст «Маладога Фронту» Уладзімір Яроменак пайшоў адбываць 3-месячнае пакаранне.
Яроменак пагаліў галаву. Кажа, што зрабіў гэта сам, каб не галілі ў турме, таму што там умовы горш, чым дома. «Я вырашыў так: валасы адрастуць, калі як раз трэба будзе выходзіць на волю», - сказаў Уладзімір Яроменак.
Яроменак узяў з сабой толькі самае неабходнае, перадае «Радыё Свабода».
«Вопыт турэмны ў мяне ўжо ёсць, таму ведаю, што і ў якой колькасці можна браць з сабой. Можа, дарэчы, кіну паліць у турме. Але цыгарэты з сабой узяў, там у любым выпадку яны прададуцца», - сказаў Яроменак.
На волі ў Яроменка застаецца цяжарная жонка Валянціна. Нараджаць ёй вясной, ужо пасля вызвалення мужа.
Аднак Уладзімір прызнаўся, што, нягледзячы на тое, што тэрмін невялікі, будзе моцна перажываць менавіта з-за жонкі:
«Вядома, з-за гэтага буду перажываць, але ёсць жа сваякі, якія будуць з ёй побач. Буду за падзеямі ў краіне сачыць з газет і з лістоў сяброў. Адчуваю сябе нармальна. Я гатовы да гэтага тэрміну».
Пакуль яшчэ невядома, дзе менавіта будзе адбываць пакаранне Уладзімір Яроменак. Жонка Валянціна ў бліжэйшыя дні пойдзе ў Дэпартамэнт выканання пакаранняў, каб даведацца, дзе ён будзе сядзець.
У жніўні 2013-га суд пастанавіў пакараць Яроменка 3 месяцамі
Уладзімір Яроменак быў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года. Яго прысудзілі да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні 2011 года Яроменак быў вызвалены на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Над ім устанавілі прэвентыўны нагляд, пасля чаго Яроменак трапляў у суд двойчы. 27 красавіка 2012 года яго асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013-га - на 12 сутак арышту за парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду.
Неабходна адзначыць, што на дадзены момант прэвентыўны нагляд, за парушэнне якога Яроменка прысудзілі да трохмесячнага арышту, ужо зняты. Разам з тым былы палітвязень застаецца пад прафілактычным наглядам - гэта азначае, што ён можа пакідаць месца жыхарства і нават выязджаць за мяжу, але пры адсутнасці больш за месяц павінен папярэджваць інспектара.