Раман Якаўлеўскі: Бруселю няма пра што размаўляць з Макеем
6- 25.11.2013, 16:14
- 21,982
Рашэнне аб удзеле Макея ў Віленскім саміце было прынята пад уплывам падзей ва Украіне.
Такое меркаванне выказаў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, каментуючы сайту charter97.org удзел у саміце «Усходняга партнёрства» кіраўніка МЗС Беларусі.
«Мне здаецца, што канчатковае рашэнне аб удзеле Макея ў Віленскім саміце магло быць прынята пад уплывам падзей ва Украіне. Калі б было падпісанне Пагаднення аб асацыяцыі, то Украіна стаяла б на першым плане, а зараз, мабыць, не. Хоць Віктар Януковіч можа зноў усё павярнуць. Звярніце ўвагу, ён нічога не кажа наконт паводзінаў свайго прэм'ера і ўрада, якія прынялі такое рашэнне», - адзначыў Раман Якаўлеўскі.
Аглядальнік падкрэсліў, што не чакае цікавых заяваў з боку Макея.
«Магчыма, у яго будуць двухбаковыя сустрэчы са сваімі калегамі - міністрамі замежных спраў краін «Усходняга партнёрства». Але я не думаю, што ў яго будуць двухбаковыя сустрэчы з высокапастаўленымі чыноўнікамі з Бруселя. Я маю на ўвазе <>bКэтрын Эштан або Штэфана Фюле. Безумоўна, Макей як германіст і прыхільнік Бісмарка, а менавіта так ён сябе ў апошні час прэзентуе, будзе імкнуцца сустрэцца са спадарыняй Меркель, якую чакаюць у Вільні. Але Ангела Меркель вельмі ясна выказалася наконт Беларусі, заявіўшы, што пакуль існуюць палітвязні, то ніякай размовы не будзе. Пра што ёй з Макеем размаўляць? Можа, ён з ёй дзесьці ў калідоры павітаецца пры тэлекамерах беларускага тэлебачання», - мяркуе Якаўлеўскі.
Міжнародны аглядальнік дадаў, што роля кіраўніка МЗС Беларусі на гэтым саміце «ніякая», так як ніякіх зрухаў у пытаннях, якія перашкаджаюць нармалізацыі адносінаў, няма.
«Але я б звярнуў увагу не на Макея, а на міністра эканомікі Мікалая Снапкова, які будзе актыўнічаць. Па пэўных паведамленнях, ён можа ўжо ў снежні апынуцца першым віцэ-прэм'ерам замест Сямашкі, якога Лукашэнка абяцаў пакараць на чарговай нарадзе, прычым 10 снежня ў Дзень правоў чалавека. Але правы чалавека ў Беларусі настолькі бліскуча выконваюцца, што ўсе ведаюць прозвішча гэтага чалавека», - з іроніяй адзначыў Раман Якаўлеўскі.
Нагадаем, беларускую дэлегацыю на Віленскім саміце ўзначаліць міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Саміт «Усходняга партнёрства» пройдзе 28-29 лістапада. 15 кастрычніка віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас перадаў кіраўнікам дыпламатычных місій краін-удзельніц УП у Літве запрашэнні для іх дзяржаў на трэці саміт ініцыятывы. Беларусь атрымала безіменнае запрашэнне на саміт.