Баўмгертнера адправяць у Маскву на самалёце
19- 15.11.2013, 11:24
- 17,168
Калі будзе прынятае рашэнне аб экстрадыцыі гендырэктара «Уралкалію», яго, хутчэй за ўсё, будуць перапраўляць у Расею паветраным транспартам.
Пра гэта паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у пятніцу крыніца ў беларускіх праваахоўных органах.
«Працэдура экстрадыцыі для дадзенай асобы будзе такой жа , як і для іншых замежнікаў. У Расею, хутчэй за ўсё, ён будзе перапраўлены самалётам», - сказаў суразмоўца агенцтва.
Паводле яго слоў, «ніякіх спецыяльных працэдур для дадзенай асобы, калі ў дачыненні да яе будзе прынятае рашэнне аб экстрадыцыі, не будзе». «Канвой аднаго боку перадасць абвінавачанага другому боку. Працэдура звычайная», - адзначыла крыніца.
Пры гэтым ён не выключыў, што «Беларусь можа забараніць уезд Баўмгертнеру на сваю тэрыторыю». «Як правіла, усім замежнікам, якія падвергнуліся экстрадыцыі, забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі на працягу ад 5 да 10 гадоў альбо пасля адбыцця пакарання, альбо ў рамках экстрадыцыі», - удакладніла крыніца.
Нагадаем, у мінулы чацвер генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк сказаў, што лічыць магчымай экстрадыцыю Баўмгертнера ў Расею.
Баўмгертнер быў затрыманы ў Менску 26 жніўня, у дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа. У дадзены момант ён знаходзіцца пад хатнім арыштам у Менску.
Фота: РІА «Новости»