Мікалая Статкевіча катуюць адсутнасцю сну
87- 1.11.2013, 17:03
- 60,582
Палітвязню некалькі сутак запар не давалі спаць.
Пра гэта паведаміла сайту statkevich.org жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.
«Як мне стала вядома, некалькі начэй запар былі спробы не даць спаць ноччу Мікалаю і яго суседу: білі кожныя 10-15 хвілін металічнай «шторкай» па дзвярах камеры, білі нагамі ў дзверы, крычалі. Хутчэй за ўсё, гэта была спроба не даць выспацца ноччу, каб прымусіць Мікалая заснуць днём. Наколькі мне вядома, сусветная практыка расцэньвае такія дзеянні, як катаванні. Раней ужо яго каралі за ўяўны дзённы сон. Пра гэта ён напісаў у сваёй заяве ў пракуратуру. Таму, магчыма, гэта помста.
Дарэчы, пра заяву ў пракуратуру. У класічнай традыцыі нашых праваахоўных органаў заява была перанакіраваная для разгляду ў Дэпартамент выканання пакаранняў - орган, на дзеянні супрацоўнікаў якога яна як раз і пададзеная. Мікалай - упарты, і часу ў яго зараз хапае - ён падаў заяву паўторна ў пракуратуру. І яна зноў была перанакіраваная ў ДВП. Што ж, на днях ён накіраваў яе ў пракуратуру ў трэці раз, бо лічыць, што неабходна прымусіць гэтую сістэму працаваць так, як патрабуе закон, хай і «кастрыраваны», - заявіла Марына Адамовіч.
Акрамя таго, палітвязню не выдалі медыцынскую бандэроль, якую даслала жонка.
«Затое патрабуюць, каб падпісаў адмову ад атрымання «неўстаноўленай пасылкі ад неўстаноўленай асобы» - той самай медбандэролі ад мяне, падпісанай вялікімі літарамі «Медыцынская», дазвол на якую быў выдадзены амаль месяц таму. Такім чынам, яму спрабуюць адмовіць у неабходных леках.
Дарэчы, такое мы ўжо праходзілі ў мінулым годзе, калі медбандероль вярнулася назад, а Мікалаю патлумачылі потым, што яны «памыліліся», прыняўшы яе за «неналежную» харчовую. Такія вось дробныя мярзоты», - адзначыла Марына Адамовіч.
Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Арыштаваны пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць іх фальсіфікацый.
26 траўня 2011 года палітык быў прысуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Рашэннем суда ад 12 студзеня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, і ён быў пераведзены з калоніі № 17 у Шклове ў турму № 4 Магілёва.
Статкевіча часта кідаюць у карцэр, палітвязень абмежаваны ў перадачах і сустрэчах са сваякамі, па загадзе ўладаў у дачыненні да яго ажыццяўляюцца правакацыі.