27 лiстапада 2024, Серада, 9:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юлія Цімашэнка пагадзілася на лячэнне ў Германіі

Юлія Цімашэнка пагадзілася на лячэнне ў Германіі

Экс-прэм'ерка Украіны, якая адбывае пакаранне паводле абвінавачання ў перавышэнні паўнамоцтваў, пагадзілася працягнуць лячэнне ў Германіі.

Пра гэта паведаміў яе адвакат Сяргей Уласенка.

Выезд Юліі Цімашэнкі на лячэнне за мяжу - важная ўмова запланаванага на лістапад падпісання паміж Кіевам і Брусэлем пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, піша Gazeta.ru.

Згоду Юлія Цімашэнка выказала пасля таго, як еўрапейскія палітыкі, што наведалі былую кіраўніцу ўрада ў харкаўскай бальніцы, перадалі ёй «афіцыйную прапанову адносна выезду на лячэнне ў Нямеччыну». Аб вызваленні экс-прэм'еркі прэзідэнта Украіны прасілі былы прэзідэнт Еўрапарламента Пэт Кокс і экс-прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі. Яны ж і перадалі прапанову асабіста Цімашэнцы.

Яна напісала ліст сваім прыхільнікам, у якім патлумачыла, што прыняла гэтае няпростае для яе рашэнне (раней яна адмаўлялася лячыцца ў Еўропе) толькі для таго, каб Украіна змагла нарэшце ўступіць на шлях еўраінтэграцыі, і запэўніла: не варта расцэньваць яе магчымы ад'езд за мяжу як эміграцыю.

«Дзеля паспяховай Вільні і паспяховай Украіны, дзеля гістарычнага і лёсавызначальнага пагаднення з ЕЗ я гатовая прыняць такую прапанову», - працытаваў Уласенка заяву Цімашэнкі.

Уласенка паведаміў таксама, што Кокс і Кваснеўскі перадалі прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу прашэнне аб памілаванні Цімашэнкі.

Экспэрты мяркуюць, што прэзідэнт Украіны на працягу бліжэйшых двух тыдняў прыме пастанову адносна памілавання экс-прэм'еркі Юліі Цімашэнкі. У прыватнасці, палітолаг, дырэктар Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў Пента Уладзімір Фясенка мяркуе, што першы крок у гэтым напрамку будзе зроблены 21 кастрычніка, піша «Карэспандэнт».

Юлія Цімашэнка знаходзілася ў бальніцы з 2012 года: лекары дыягнаставалі ў яе захворванне пазваночніка. Лекары нямецкай клінікі «Шарытэ» дыягнаставалі ў яе хранічную кілу міжпазваночнага дыска. Але ўжо ў верасні ва ўкраінскіх СМІ стала мусіравацца інфармацыя аб тым, што ўкраінскі палітык можа выйсці на волю, паколькі справа Цімашэнкі стала адным з перашкод для еўраінтэграцыі Украіны. На гэта шматкроць звярталі ўвагу еўрапейскія палітыкі ў размове з украінскімі ўладамі. Так, давераная асоба канцлера Германіі Ангелы Меркель, кіраўнік камітэта ЕП Элмар Брок адзначаў, што без развязання праблемы экс-прэм'еркі «падпісання, падобна, не будзе».

«Еўрапейскі суд у правах чалавека пацвердзіў, што Юлія Цімашэнка трапіла ў турму незаконна. Пры гэтым яна лідар палітычнай сілы, якая ўваходзіць у сям'ю Еўрапейскай народнай партыі, чальцамі якой з'яўляюцца Ангела Меркель і прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу. Ці варта чакаць, што пагадненне будзе падпісана, калі іх паплечніца незаконна кінутая за краты? Мы разумеем, наколькі важна падпісаць СА ў няпростай сітуацыі, звязанай з уплывам Расеі, але ўкраінцы павінны даць нам магчымасць для падпісання!» - тлумачыў ён.

Размовы аб магчымым вызваленні экс-прэм'еркі пачасціліся на пачатку кастрычніка.

Так, адзін з наймацнейшых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Украіны - лідар партыі «УДАР» Віталь Клічко публічна заклікаў Віктара Януковіча вызваліць Цімашэнку. Прычым, на думку апазіцыянера, зрабіць гэта яму неабходна да 15 кастрычніка (на гэты час запланаваны справаздачы місіі Кваснеўскага - Кокса): у адваротным выпадку пагадненне аб асацыяцыі можа быць і не падпісана. «Прыйшоў час, калі трэба гэта зрабіць, каб саміт («Усходняга партнёрства») у Вільні быў выніковым і паспяховым для Украіны», - падкрэсліў Клічко.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках