27 лiстапада 2024, Серада, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самалі ў цэнтры Еўропы (Відэа)

33
Самалі ў цэнтры Еўропы (Відэа)

Беларусь становіцца «пірацкім востравам».

Справа на 100 мільёнаў даляраў паміж Масквой і Менскам пакуль не вырашана. Уладзіслаў Баўмгертнер застанецца ў Беларусі пад хатнім арыштам на чарговыя два месяцы. Пра падаўжэнне тэрміну расследавання крымінальнай справы гендырэктара «Уралкалію» паведаміў Следчы камітэт. Чаму перамовы Пуціна і Лукашэнкі не вырашылі праблему, і якім чынам зацягнуты калійны серыял ператвараецца ў баявік, паспрабаваў высветліць тэлеканал «Белсат».

Палітолаг Андрэй Суздальцаў растлумачыў, чаму Следчы камітэт падоўжыў справу і хатні арышт расейскага бізнесмена, але не назваў прычыны свайго рашэння.

«Справы супраць Баўмгертнера няма. Ім бракуе сведак. Яны проста гойсаюць па Расеі ў спробах накапаць нешта», - упэўнены ён.

І не толькі накапаць. На мінулым тыдні шэраг расейскіх СМІ паведамілі пра спробу работнікаў беларускага КДБ затрымаць на Ленінградскім вакзале ў Маскве былога топ-мэнэджэра Беларускай калійнай кампаніі Дзмітрыя Самойлава. Той застаўся на волі толькі дзякуючы ўмяшанню расейскай міліцыі. Праўда, прэс-служба Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі гэтыя звесткі называе чуткамі.

Менавіта пасля гэтых падзей служба бяспекі «Уралкалію» ўзяла пад ахову некаторых сваіх работнікаў. Пры гэтым рэакцыя расейскіх праваахоўнікаў была вельмі стрыманай - выкрадальнікам проста строга загадалі не займацца аператыўнай дзейнасцю на тэрыторыі чужой дзяржавы.

«Нездарма ж гісторыя з выкраданнем, аб якой не мог не ведаць Лукашэнка, як і ўся «калійная справа», - адбылася перад паездкай Уладзіміра Пуціна ў Менск на саміт СНД. І дзеянні беларускіх гэбістаў не былі самадзейнасцю: яны проста выконвалі загад. Здагадайцеся, чый», - піша журналістка Ірына Халіп у расейскай «Новой газете».

Пакуль у Менску адзін закладнік, і кошт яго свабоды даволі высокі - 2 мільярды даляраў. Менавіта такую суму на мінулым тыдні назваў Лукашэнка, кажучы пра страты, якія, на яго думку, нанеслі дзеянні кіраўніцтва «Уралкалію» Беларусі.

«Пакуль мы не набралі большай шкоды, няхай кампенсуюць гэту. Кампенсуюць шкоду, мы ўжо неяк будзем круціцца, каб усімі любімага вамі і расейскім народам Баўмгертнера вам перадаць», - падкрэсліў ён.

У Крамлі c такім сцэнарам, падобна, пагаджацца не хочуць і прыдумалі свой.

Басманны суд Масквы завочна арыштаваў генеральнага дырэктара «Уралкалію» і плануе накіраваць хадайніцтва аб яго экстрадыцыі на радзіму. Так, па дадзеных расейскіх СМІ, Баўмгертнер мог бы вярнуцца ў Расею, а беларускія органы здолелі б захаваць твар.

«Гэта чорная дзірка, пірацкае Самалі ў цэнтры Еўропы. Калі Лукашэнку падабаецца такі імідж, дык няхай сядзіць з Баўмгертнерам. Ён разбурае вобраз Беларусі. Чым даўжэй ён там застаецца, тым больш разбураецца. Гэта велізарная міна, закладзеная ім пад сябе», - заявіў палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Нагадаем, Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў менскім аэрапорце 26 жніўня пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт прад'явіў яму абвінавачанне па частцы 3 артыкула 424 КК (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

26 верасня, напярэдадні візіту Пуціна ў Беларусь, гендырэктар «Уралкалію» змешчаны пад хатні арышт.

12 кастрычніка Следчы камітэт Расеі (СКР) атрымаў з Беларусі матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера і прыняў іх у сваю вытворчасць.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках