27 лiстапада 2024, Серада, 9:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Няма Баўмгертнера - няма нафты

36
Няма Баўмгертнера - няма нафты

Крэмль можа замарозіць і нават адмяніць абавязацельствы па пастаўках нафты ў Беларусь.

Імкнучыся забяспечыць бесперапыннасць паставак расейскай нафты, Беларусь мае намер увесці статус адзінага пастаўшчыка нафты. Гэтым пастаўшчыком павінен стаць дзяржаўны канцэрн «Раснафта». Аляксандр Лукашэнка сказаў:

«Нам бы не хацелася штоквартальна, як год таму, узгадняць пастаўкі нафты». Ён адзначыў, што цяпер вядуцца перамовы з кіраўніком «Раснафты» Ігарам Сечыным. «Чакаю канкрэтных прапаноў. Наколькі мне вядома, эксперты працуюць над гэтым пытаннем», - заявіў Лукашэнка.

Пра магчымае пагадненне ў справе ўзгаднення графіка паставак расейскай нафты ў Беларусь, якія павінны ахапіць увесь 2014 год, таксама казаў расейскі віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч. Аднак пры ўмове, што паміж дзвюма краінамі будуць вырашаныя палітычныя і эканамічныя праблемы, піша Gazeta Wyborcza (пераклад - charter97.org).

Эксперт расейскай фірмы Finam Management Дзмітрый Баранаў адзначыў, што дакладныя ўмовы, якія павінна выканаць Беларусь, невядомыя.

«На мой погляд, у першую чаргу павінна быць вырашана пытанне з «Уралкаліем». Нягледзячы на тое, што зробленыя пэўныя крокі, нельга казаць пра тое што пытанне вырашана цалкам», - сказаў ён.

Урэгуляванне сітуацыі, звязанай з «Уралкаліем», можа быць адной з тэм сённяшняй сустрэчы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з беларускім кіраўніком у Менску.

Рэакцыяй беларускіх уладаў на выхад «Уралкалію» са складу Беларускай калійнай кампаніі (БКК) стаў арышт у Менску гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера, які цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам. Лукашэнка не выключае магчымасці яго экстрадыцыі ў Расею, калі расейскі бок возьме на сябе адказнасць за правядзенне следства.

«Злодзей павінен сядзець у турме», - заявіў беларускі кіраўнік. Лукашэнка таксама сказаў, што Менск згодны выпусціць Баўмгертнера, калі той кампенсуе страты, якія панёс беларускі бюджэт у выніку дзеянняў «Уралкалію». На думку Лукашэнкі, разарваўшы супрацоўніцтва з БКК, «Уралкалій» справакаваў страты беларускага боку ў памеры 1,5-2 мільярдаў даляраў.

Арышт Баўмгертнера выклікаў абурэнне Расеі. Віцэ-прэм'ер Расейскай Федэрацыі Ігар Шувалаў назваў дадзены жэст «неадэкватным і непартнёрскім». На думку расейскіх СМІ, адным з першых адказаў Расеі на арышт бізнесмена было скарачэнне паставак нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале бягучага года да 2,3-2,5 мільёнаў тон замест чаканых 5,75.

Эксперт Дзмітрый Баранаў лічыць, што зацвярджэнне графіка паставак нафты на ўвесь 2014 год будзе залежаць, у тым ліку, і ад вырашэння пытання з «Уралкаліем».

«Праблема ў тым, што беларускі бок неаднаразова дэманстраваў непрадказальныя паводзіны. Няма ніякіх гарантый, што ён не прыме нейкае рашэнне, якое будзе супярэчыць дасягнутым дамоўленасцям. У гэтым выпадку ў пытанні аб пастаўках нафты Расея можа адказаць замарожваннем усіх дамоўленасцей або поўнасцю адмяніць узятыя на сябе абавязацельствы», - падсумаваў ён.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках