Лукашэнка і казус Пугачовай
103- Анджэй Пачобут
- 11.10.2013, 18:09
- 131,078
Такое пачуццё, што Аляксандр Рыгоравіч стаў загаворвацца.
Не, я не пра ягоную плявузготу, якую ўсё часцей вымушаныя «правіць» сціплыя цэнзары з айчыннага агітпрапа. Проста адны і тыя ж гісторыі Лукашэнка дакучліва выдае за навіны. Сённяшняя прэс-канферэнцыя таму пацверджанне.
Пра хворых і кульгавых, якія ў 1994 годзе ўставалі з ложкаў і ішлі за яго галасаваць, пра расстрэлы на месцы бандытаў, пра бізнэсоўца Новікава-Кацнэльсона, пра адзінага дэпутата, які галасаваў супраць раскідання СССР, пра вінаватых у дэвальвацыі наведвальнікаў абменнікаў, пра чачэнца з службы бяспекі, пра палкі ў вокны - усё гэта мы ўжо чулі.
Гэта не навіны. Гэта нудота.
- Я старажытны прэзідэнт - прызнаўся Лукашэнка. Прайшло зусім няшмат часу. - Хтосьці сказаў, што я старажытны прэзідэнт - успомніў Аляксандр Рыгоравіч.
І гэта ўжо нават не смешна. 19 гадоў бесперапыннага знаходжання ва ўладзе сведчаць пра сябе. Стары герой, які калісьці прыкоўваў да сябе ўвагу ўсёй краіны... Той, чые выступы расцягвалі на цытаты, а прэс-канферэнцыі, незалежна ад таго, як да яго ставіліся, выклікалі вірлівыя спрэчкі і распальвалі эмоцыі.
А сёння?
Што засталося ад былой любові і славы? Няшмат. Сёння Лукашэнка на адной хвалі, а грамадства на іншай. Таму ён і не кранае. Быць сумным для харызматычнага палітыка - простая дарога ў палітычны нябыт. Усведамляючы гэта, Лукашэнка жменямі чэрпае з інавацыйнага досведу расейскай сцэнічнай доўгажыхаркі - Алы Барысаўны Пугачовай.
Спявачка сягоння славіцца не новымі песнямі, а скандальнымі сувязямі або падрабязнасцямі свайго асабістага жыцця. Вось і палітык Лукашэнка замест палітычных і эканамічных пастаноў, якіх ад яго чакаюць, частуе нас гісторыямі пра Колю. Гэтым разам мы пачулі, як Коля кладзецца спаць. Высвятляецца, хлопчыку тата на ноч распавядае пра Гітлера і Сталіна.
Добрыя казкі. Нічога не скажаш. І што потым дзіцяці сніцца?
Акрамя Колі, ёсць яшчэ адзін выпрабаваны спосаб прыцягнуць увагу - жорсткая рыторыка. Адсюль і «даць па мордзе», «жэстачайшэ» і «забіць на месцы», і сакраментальнае «калі я не ведаў, як зрабіць, я слухаў Захад і рабіў наадварот».
А калі прыбраць і Колю, і рыторыку? Што застанецца ад усяго гэтага сённяшняга, больш як 5-гадзіннага выступу?
Ала Барысаўна з гадамі няўмольна ператвараецца ў сваю ўласную карыкатуру. І іншага шляху ў яе няма. Як зрэшты ў кожнага, хто не можа ў час сысці. І Аляксандр Лукашэнка тут не выключэнне.
Анджэй Пачобут, спецыяльна для charter97.org