27 лiстапада 2024, Серада, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатар не збіраецца вызваляць палітвязняў

63
Дыктатар не збіраецца вызваляць палітвязняў

Лукашэнка сёння сустрэўся з чатырма амерыканскімі палітолагамі.

На сустрэчы прысутнічаў Глен Говард - прэзідэнт Jamestown Foundation, Улад Сокар з гэтага ж фонду, Януш Бугайскі з Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў і Рыгор Іофе, прафесар Рэдфардскага ўніверсітэта.

Гутарка доўжылася дзве гадзіны, пасля яе прафесар Іофе распавёў «Радыё Свабода» аб яе змесце.

- Асноўны мэсыдж Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы заключаўся ў тым, што Беларусь вельмі хоча ўраўнаважыць сваю знешнюю палітыку, яна хоча мець нармальныя адносіны з ЗША, хоча, каб да яе ставіліся з павагай, як да незалежнай дзяржавы, яна не мае намеру ні з кім сябраваць ні супраць Расеі, ні супраць Амерыкі, што санкцыі абсурдныя і гэта шмат хто пачынае разумець. Па словах кіраўніка Беларусі, рана ці позна дзверы на Захад адкрыюцца, але хацелася б, каб гэта адбылося хутчэй, паколькі час губляецца без толку. Задаваліся канкрэтныя пытанні, я спытаў аб сітуацыі на двух кандытарскіх фабрыках.

Згодна з Лукашэнкай, гэта было проста павелічэнне долі дзяржавы ва ўмовах, калі прадпрымальнік Новікаў пачаў дыскрымінаваць беларускіх спажыўцоў, прадаючы беларускую прадукцыю на знешніх рынках, у тым ліку і ў Расею, і жадаючы перавесці беларускіх спажыўцоў з высакаякаснага шакаладу на карамель. Цярпенне скончылася, калі ён сам не з'явіўся на нараду, дзе павінен быў растлумачыць сваю палітыку Лукашэнку.

Што тычыцца ўказу № 9 наконт сітуацыі ў дрэваапрацоўчай галіне, то, па словах Лукашэнкі, гэта вымушаная мера, яна ўводзіцца толькі на паўгода, на час рэканструкцыі, каб гэтыя прадпрыемствы сталі такімі, якіх няма нават на Захадзе, і хутка ўсё гэта будзе.

- А была размова аб тых праблемах, якія і ствараюць напружанасць у двухбаковых адносінах? Гаворка ідзе, перш за ўсё, аб праблеме палітвязняў.

- Лукашэнка сказаў, што не лічыць гэтых людзей палітвязнямі. Ён неаднаразова паўтараў свой вядомы тэзіс аб тым, што ў любой заходняй дзяржаве, калі б была зробленая атака на ўрадавы будынак, падобная да той, якая была ў Менску 19 снежня 2010 года, то былі б ужытыя значна больш жорсткія меры. А ў Беларусі не прымяняўся ні слёзатачывы газ, ні дубінкі. Я спытаўся ў яго пра артыкул Вячаслава Оргіша ў «Советской Белоруссии» наконт вырошчвання канструктыўнай апазіцыі замест «пятай калоны». Ён сказаў, што мы самі гэтае пытанне прапіхваць не будзем, пакуль няма попыту з боку беларускага грамадства. А будзе попыт - «мы з задавальненнем».

- А ці казаў Лукашэнка што-небудзь наконт адносінаў Беларусі і Расеі?

- Ён казаў пра супярэчлівасці гэтых адносін. З аднаго боку, ён паўтарыў свой тэзіс, што «мы адзіны народ», што гэтая палітыка супрацоўніцтва для нас самая важная, што ў нас не было іншага выйсця, акрамя як згаджацца на шчыльную інтэграцыю і на той энергетычны грант, які хоць бы часова Беларусь атрымала. З іншага боку, ён казаў пра тое, што сквапныя расейскія алігархі хацелі б прыбраць тут усё сабе. Лукашэнка казаў пра тое, што Расея змяніла сваю пазіцыю, змяніла сваё імперскае мысленне, але, маўляў, «мы ўвесь час гатовыя, увесь час імкнемся адстойваць сваю незалежнасць». Ён успомніў «сілавую спробу ўвядзення адзінай валюты», якая была адбітая. Лукашэнка стварыў уражанне, што больш спрыяльнае стаўленне Расеі да Беларусі стала вынікам беларускіх намаганняў па адстойванню сваёй незалежнасці.

- А якія пытанні задавалі іншыя ўдзельнікі сустрэчы?

- Там былі не столькі пытанні, колькі выступленні. Глен Говард казаў, што беларускія ўлады павінны навучыцца піяру, каб адбіваць ў заходняй прэсе «бессэнсоўныя і часта неабгрунтаваныя паведамленні, якія маюць варожы характар у адносінах да Беларусі і не прадыктаваныя нічыімі нацыянальнымі інтарэсамі». Паводле прэзыдэнта Jamestown Foundation, зараз інфармацыя пра Беларусь у заходніх СМІ даецца «вельмі тэндэнцыйна». Пазіцыя гэтага даследчага цэнтра складаецца як раз у тым, каб супрацьпаставіць тэндэнцыйнай інфармацыі інфармацыю больш узважаную.

Януш Бугайскі, які асабіста ведае Радаслава Сікорскага і многіх іншых прадстаўнікоў польскага палітычнага істэблішменту, разумее, што з Беларуссю трэба будаваць сувязі, так як інакш могуць быць вельмі моцна падарваныя эканомікі Літвы, Латвіі і Усходняй Польшчы. І Бугайскі лічыць усіх гэтых лютых правадыроў дэмакратыі «крыху страціўшымі розум».

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках