27 лiстапада 2024, Серада, 2:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Куляшоў працаўладкаваўся

27
Анатоль Куляшоў працаўладкаваўся

Былы міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў вярнуўся да актыўнай працоўнай дзейнасці.

Як стала вядома інтэрнэт-газеце Naviny.by, у пачатку бягучага года генерал-лейтэнант міліцыі ў запасе Анатоль Куляшоў заняў сціплую пасаду дарадцы ў Выканаўчым камітэце Садружнасці Незалежных Дзяржаў, офіс якога знаходзіцца ў Менску на вуліцы Кірава, 17.

У прэс-службе Выканкама СНД гэтую інфармацыю пацвердзілі і ўдакладнілі, што Куляшоў цяпер служыць дарадцам аддзела па супрацоўніцтве ў сферы барацьбы са злачыннасцю, тэрарызмам і наркапагрозай.

Нагадаем, што Анатоль Куляшоў узначальваў беларускую міліцыю з красавіка 2009 года. У траўні 2012 года Аляксандр Лукашэнка вызваліў яго ад пасады міністра ўнутраных спраў залічэннем ў распараджэнне МУС. Па адных чутках, звальненне было звязана з цяжкай хваробай Куляшова, па іншых - з тым, што кіраўнік ведамства не змог прапанаваць кіраўніку аптымальную канцэпцыю рэфармавання сістэмы МУС. Была і яшчэ адна версія, у аснове якой ляжалі скандалы з членамі «каманды» Анатоля Куляшова.

У прыватнасці, 8 снежня 2011 года была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 424 КК («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі») у дачыненні да намесніка міністра ўнутраных спраў - начальніка міліцыі грамадскай бяспекі палкоўніка Яўгена Палудня. У цяперашні час былая трэцяя асоба ў МУС Беларусі, але пакуль яшчэ палкоўнік міліцыі Палудзень - трымае адказ перад вайсковым судом, які праходзіць у закрытым рэжыме.

У студзені 2012 года быў вызвалены ад пасады першы намеснік міністра ўнутраных спраў - начальнік крымінальнай міліцыі МУС палкоўнік Алег Пякарскі. Яго звольнілі ў запас Узброеных сіл нібыта за здзяйсненне правіны, якая дыскрэдытуе званне супрацоўніка міліцыі. Падрабязнасці, зразумела, не абвяшчаліся. Па звестках газеты, Пякарскі цяпер узначальвае службу бяспекі вельмі буйной сталічнай кампаніі.

Характэрна, што пры прызначэнні новага кіраўніка МУС, якім стаў былы супрацоўнік КДБ Ігар Шуневіч, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «На жаль, у старога міністра са здароўем невялікія праблемы ёсць. Але я думаю, ён чалавек моцны - выкараскаецца. Мы будзем дапамагаць наколькі магчыма. Але ён сам прапаноўвае замяніць яго на гэтай пасадзе».

Мяркуючы па ўсім, цяжар стану здароўя Анатоля Куляшова быў некалькі перабольшаны і ён - «выкараскаўся». Па звестках газеты, сціплая пасада дарадцы ў Выканкаме СНД для Куляшова - стартавая, чакаецца, што ў бліжэйшы час ён пойдзе на павышэнне. Дарэчы, супрацоўнікі гэтага не самага значнага палітычнага ведамства зарплату атрымліваюць расейскімі рублямі.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках