27 лiстапада 2024, Серада, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: Цэнзура выступаў у СМІ незаконная

7
Праваабаронцы: Цэнзура выступаў у СМІ незаконная

Забарона бясплатных выступаў у СМІ тых кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту «выбараў», не адпавядае заканадаўству Беларусі.

Пра гэта БелаПАН заявіў адзін з каардынатараў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч.

Паводле яго слоў, у ходзе назірання зафіксаваныя факты цэнзуры агітацыйных матэрыялаў некаторых кандыдатаў.

Ён нагадаў, што 5 ліпеня Цэнтральнай камісіяй быў створаны Назіральны савет (НС) па кантролю за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі. 27 жніўня НС разгледзеў звароты тэлеканала «Беларусь 2», ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» і тэлерадыёкампаніі «Магілёў» аб адпаведнасці патрабаванням Выбарчага кодэкса выступаў кандыдатаў Ніны Каляды, Арцёма Агафонава, Віктара Малочкі і Мацвея Хатары, сябраў АГП, якія заклікалі да байкоту «выбараў» . «НС вырашыў, што гэтыя выступы не могуць быць аднесены да перадвыбарнай агітацыі. Таксама НС паказвае, што «права на бясплатныя выступы па дзяржаўным тэлебачанні і радыё прадастаўляецца кандыдатам у дэпутаты для вядзення перадвыбарнай агітацыі, і выкарыстанне дадзеных магчымасцей для іншых мэт законам не прадугледжана». 29 жніўня ЦВК пагадзіўся з рашэннем НС», - сказаў Стэфановіч.

На падставе пералічаных фактаў тэлерадыёкампаніі пачалі масава адмаўляць у прадастаўленні эфірнага часу тым кандыдатам, якія заклікаюць да байкоту.

«Заклікі да байкоту выбараў, крытыка выбарчага заканадаўства і практыка яго прымянення разам з любой іншай перадвыбарчай агітацыяй заканадаўствам не забароненыя, кандыдаты ў дэпутаты вольныя ў выкладзе сваіх поглядаў і праграм, а выбаршчыкі павінны мець максімальныя магчымасці атрымліваць інфармацыю пра кандыдатаў, іх погляды і праграмы. Любыя абмежаванні гэтых праў, за выключэннем прадугледжаных законам і неабходных у дэмакратычным грамадстве, варта разглядаць як недапушчальнае абмежаванне свабодных выбараў», - лічыць Стэфановіч.

На яго думку, волевыяўленне выбаршчыкаў падчас выбараў ажыццяўляецца не толькі праз галасаванне за аднаго з кандыдатаў альбо супраць усіх кандыдатаў. «Адмова ад галасавання - гэта таксама грамадзянская пазіцыя, на якую выбаршчык мае права, - адзначыў Стэфановіч. - Акрамя таго, вычарпальны пералік падстаў для абмежавання выступленняў кандыдатаў у ходзе перадвыбарчай агітацыі ўстаноўлены арт. 47 ВК: «Агітацыйныя перадвыбарчыя матэрыялы, выступы на сходах, мітынгах, у друку, па тэлебачанні, радыё не павінны змяшчаць прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асоб Рэспублікі Беларусь, кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты. Забараняюцца агітацыя ці прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай перавагі, выпуск і распаўсюджванне паведамленняў і матэрыялаў, якія распальваюць сацыяльную, расавую, нацыянальную ці рэлігійную варожасць».

«Такім чынам, цэнзура, забарона бясплатных выступаў у СМІ тых кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту «выбараў», не адпавядаюць заканадаўству Беларусі і яе міжнародным абавязацельствам, парушаюць прынцып роўнасці кандыдатаў у дэпутаты і абмяжоўваюць як правы кандыдатаў на агітацыю, так і правы выбаршчыкаў на атрыманне поўнай і аб'ектыўнай інфармацыі», - заявіў праваабаронца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках