27 лiстапада 2024, Серада, 14:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Каваленка вызвалены

145
Сяргей Каваленка вызвалены

Палітвязня прымусілі напісаць прашэнне аб памілаванні шляхам шантажу, ціску і пагроз.

Палітвязень Сяргей Каваленка быў вызвалены з калоніі ў Магілёве ўвечары 26 верасня. Аб вызваленні палітвязня стала вядома сёння раніцай. Каваленку вызвалілі на падставе напісанага пад ціскам прашэння аб памілаванні ў адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля вызвалення Сяргей Каваленка размаўляў са сваякамі ўсю ноч і цяпер спіць. Яго жонка Алена Каваленка у інтэрв'ю charter97.org паведаміла, што муж патэлефанаваў ёй учора ўвечары з магілёўскага вакзала. На цягнік да Віцебска яго пасадзілі супрацоўнікі калоніі.

На вакзале ў Віцебску палітвязня сустракалі жонка з сынам, сваякі і супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў у цывільным.

«Іх было вельмі многа. Яны сачылі за намі», - распавяла Алена Каваленка.

Жанчына паведаміла, што, па словах Сяргея Каваленкі, з Магілёўскай калоніі павінны таксама вызваліць анархіста Паўла Сырамалотава, які таксама напісаў прашэнне аб памілаванні. «Паўла разам з Сяргеем непасрэдна перад вызваленнем змясцілі ў асобную камеру», - сказала Алена Каваленка.

Прашэнне з Сяргея Каваленкі выбівалі шляхам ціску, шантажу і пагроз.

«Ад яго патрабавалі напісання прашэння і прызнання віны. Сяргей заявіў, што не можа адмовіцца ад сваіх прынцыпаў. Але на яго працягвалі ціснуць, шантажавалі маленькім сынам. Потым кінулі ў карцэр, дзе былі жудасныя ўмовы. Там было пабіта акно, было вельмі холадна і, каб сагрэцца, Сяргей увесь час рабіў практыкаванні», - сказала жонка палітвязня.

Сёння Алену турбуе здароўе мужа: «Пасля галадоўкі пратэсту, якую ён трымаў у турме амаль 2 месяцы, Сяргей схуднеў да 45 кілаграм. Але ў апошні час ён стаў рэзка набіраць вагу і цяпер важыць амаль у два разы больш. Гэта ненармальна. Магчыма, яму дадавалі ў ежу гарманальныя прэпараты, ці камбікормам кармілі. Пра тое, што гэта практыкуецца нядаўна паведамілі зняволеныя беларускіх калоній. Трэба тэрмінова правяраць здароўе».

«А наогул за намі пільна сочаць, мы працягваем знаходзіцца «пад каўпаком». Невядома, на якіх умовах Сяргей вызвалены», - сказала Алена Каваленка.

Нагадаем, актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка быў асуджаны на 2 гады і месяц пазбаўлення волі за парушэнне хатняй «хіміі», якую атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. З сярэдзіны снежня да канца сакавіка з перапынкам на 20 дзён Каваленка трымаў галадоўку, за час якой схуднеў на 50 кілаграмаў. Другую галадоўку ён праводзіў з 8 да 25 траўня.

Вызваленне палітвязня можа быць звязана з тым, што 31 кастрычніка Рада Еўразвяза павінна разгледзець пытанне аб пашырэнні санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Відавочна, што дыктатар мае намер зноў выстаўляць на гандаль вязняў сумлення, вызваляючы іх па адным у выгадныя яму моманты і адмаўляючыся вызваліць усіх палітвязняў неадкладна і безумоўна.

Напісаць каментар 145

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках