27 лiстапада 2024, Серада, 7:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выкладчыца БНТУ: Трэба выціскаць з сябе па кроплі раба

5
Выкладчыца БНТУ: Трэба выціскаць з сябе па кроплі раба

Наталля Качаноўская больш за 40 год адпрацавала выкладчыцай ангельскай мовы ў БНТУ, з 2001 сябра ТБМ, удзельнічае ва ўсіх выбарчых кампаніях.

На апошніх прэзідэнцкіх выбарах увайшла ў выбарчую камісюі № 57, дзе зафіксавала сапраўдныя лічбы: Лукашэнка 41% і Саннікаў 24%. Сёння Натялля ахвотна дзеліцца сваім меркаваннем і парадамі з charter97.org наконт удзелу ў «выбарах».

- Якую форму ўдзелу ў «выбарах» вы для сябе абралі і чаму?

- У гэтых «выбарах» я пастараюся быць актыўным назіральнікам. Я лічу, што назіранне павінна ажыццяўляцца заўсёды, нават тады, калі большасць партый і апазіцыйных лідараў прапануюць байкот. Але байкот - гэта не значыць нічога не рабіць. Другая  справа, што ўдзельнічаць ізноў у фальсіфікаваных «выбарах» і прайсці ў «парламент» наўрад каму ўдасца. Назіранне вельмі важнае, таму што мы фіксуем не толькі парушэнні, але і ведаем сапраўдную колькасць людзей,  якія прымаюць удзел у «выбарах». Гэта дзеянне, якое дапамагае зафіксаваць байкот.

- Дык удзел ці байкот?

- Я за байкот, але мне падабаецца пазіцыя, калі людзі вылучыліся для таго толькі, каб афіцыйна працаваць з людзьмі і мець доступ да сродкаў масавай інфармацыі.  Іначай вельмі цяжка паставіць нават пікет ці проста сабрацца людзям. Ёсць жа такія прыклады ўжо, што людзі збіраюцца абмеркаваць нейкія пытанні, якія проста тычацца іх дамоў ці двароў, прыходзяць супрацоўнікі міліцыі і кажуць: «Што гэта вы тут сабраліся?» і разганяюць людзей. Таму калі ты маеш дазвол на пікет ці афіцыйна зарэгістраваны, то ты можаш удзельнічаць без перашкод у кампаніі байкоту. Толькі ў такім сэнсе.

Я лічу, што трэба зарэгістравацца, агітаваць за байкот, а тады зняцца. Гэта актыўная барацьба. А калі ты не рэгіструешся і не маеш ніякага доступу да СМІ, не можаш нават пікет выставіць. Гэта  ўжо звужае нашыя магчымасці.  

- Ці не падаецца вам, што зноў пачнуцца рэпрэсіі на людзей, якія вылучаюцца?

- Той хто вылучаецца, павінен ведаць, чым ён рызыкуе. Вось апошнія выбары паказалі, чым рызыкаваў Саннікаў і астатнія. Статкевіч дагэтуль сядзіць. Таму сёння  нельга здрадзіць гэтым людзям. І тое, што Эўропа дагэтуль мякка цісне на рэжым, не прымушае яго выпусціць палітзняволеных, засмучае. Таму трэба рабіць хаця б той  мінімум, які ў нашай сітуацыі магчымы.  

- Якую параду вы, як назіральнік са стажам, далі б тым  людзям, якія, магчыма, хацелі б пайсці назіральнікамі, але не могуць здзейсніць гэты крок рэальна?

- Калі чалавек баіцца ісці ад нейкай палітычнай партыі, ён можа проста вылучыцца ад жыхароў свайго ўчастка. Сабраць дзесяць подпісаў са свайго ці суседняга дома. І гэтага дастаткова, каб стаць назіральнікам на выбарчым участку. Прыходзь і сядзі. Гэта вельмі добра для пенсіянераў, якія маюць досыць вольнага часу. Таму яны могуць прыйсці з аўторка, не толькі ў дзень «выбараў» - у нядзелю. Самае страшныя фальсіфікацыі робяцца ў суботу вечарам, калі запаўняецца скрыня для папярэдняга галасавання. Калі сядзець з аўторка, то можна дакладна ведаць, колькі людзей прыйшло галасаваць, і тады камісія не зможа ўжо падмануць.

- А што вы параіце людзям, якіх прымушаюць галасаваць?

- Мне ўзгадваюцца словы Чэхава «Выціскаць з сябе па кроплі раба». Іншай парады няма. Чалавек павінен падумаць: я парушаю закон ці не? Я чалавек ці хто? Я грамадзянін ці хто? І вось калі гэтыя стымулы яго падштурхнуць,  нададуць яму смеласці, тады ён не будзе ўдзельнічаць, тады не пойдзе. Трэба задаць сабе пытанне: чаго я баюся? Я  што-небудзь дрэннае раблю для сваёй краіны, для сваёй сям'і?  Трэба думаць яшчэ аб тым, ці будуць табой ганарыцца твае дзеці, унукі.  Не рабі таго, за што табе пасля будзе сорамна. Калі ты чалавек, грамадзянін, не рабі тое, што супярэчыць тваім прынцыпам, пра што потым будзеш шкадаваць. Гэта проста псіхалагічны страх, які трэба перамагчы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках