27 лiстапада 2024, Серада, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: Імітацыйны варыянт у Беларусі ўжо не пройдзе

3
Вінцук Вячорка: Імітацыйны варыянт у Беларусі ўжо не пройдзе

Разлічваць, што псеўдавыбары ў орган, які нічога не вызначае, раптам ператворацца ў ідэальнае волевыяўленне, не мае сэнсу.

Грамадскі дзеяч, член аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларускі Рух» Вінцук Вячорка даў інтэрв'ю сайту charter97.org.

- Што рабіць людзям, якія адчуваюць на сабе адміністрацыйны ціск падчас выбарчай кампаніі?

- Калі людзей пачнуць заганяць на «выбары», трэба мець на ўвазе: чым больш людзей адмовіцца падпарадкоўвацца незаконным патрабаванням (а гэта незаконныя патрабаванні), тым цяжэй будзе адміністрацыі універсітэту, дзяржаўнай установы, рабочага інтэрнату ажыццяўляць рэпрэсіі супраць іх усіх. Па-першае, пажадана папярэдне перамовіцца са сваімі калегамі, суседзямі па працы, вучобе, інтэрнату, не замыкацца ў сабе. І вы пераканаецеся, што такіх, як вы, вельмі шмат. Па-другое, заўсёды ёсць магчымасць захварэць, з'ехаць па пільных асабістых справах ды ці мала што. Праявіце вынаходніцтва, я думаю, што мы народ, які прайшоў школу савецкай адаптацыі, заўсёды крэатыўна да такіх рэчаў можам падысці. І паверце, самае галоўнае, што пасля не вы будзеце пачувацца няёмка, а будзе пачувацца той, хто вам аддаваў такі загад, бо вельмі часта, той чалавек сам паднявольны і сам вымушаны выконваць ідыёцкія загады зверху.

- Чаму пастанавілі байкатаваць «выбары»?

- Я маю досвед удзелу ва ўсіх выбарчых кампаніях, якія ладзіліся ў Беларусі з 1989 года, ёсць з чым параўноўваць, і мушу сказаць, што ў снежні 2010 году радыкальна сутнасць рэжыму не змянілася, але адбыліся відавочныя змены ва ўсіх вектарах ягонай эвалюцыі. Гэты спад, заняпад, дэградацыя і ў наступны год шалёныя, бессэнсоўныя рэпрэсіі, бульдозерная ўнутраная палітыка, паказваюць, што імітацыйны варыянт у Беларусі ўжо не пройдзе. Такі імітацыйны варыянт, які ажыццяўляецца ў выглядзе пуцінізму ў Расеі, дзе быццам бы нейкую апазіцыю пускаюць у парламент, тое самае і ў Азейбарджане. У нас гэтакі варыянт немагчымы. Калі ён немагчымы, то разлічваць, што псеўдавыбары ў орган, які нічога не вызначае, раптам ператворацца ў ідэальнае волевыяўленне, не мае сэнсу.

- Якія вынікі байкоту?

- Увогуле, перабольшваць значэнне вераснёўскай падзеі я б не стаў. Зноў жа разумныя людзі ўжо пераканаліся, што так званыя «дэпутаты» нічога не вырашаюць. Калі ў чалавека якая-небудзь праблема ці бяда, ён жа не да «дэпутата» ідзе. Ён нават яго імя не ведае. Ён ідзе ў «вертыкаль». «Вертыкаль» у нас адзіная галіна ўлады. Няма судовай, няма заканадаўчай, ёсць толькі «вертыкаль», якая па іроніі называецца выканаўчай. Гэта ёсць манапольная галіна ўлады. І таму стаўленне людзей і да «палаты прадстаўнікоў», якая нічога не вызначае, і да працэдуры яе фармальнага стварэння абыякавае. Гэта толькі тэхнічны этап перад напазбежнымі вельмі важнымі наступнымі падзеямі. Гэта запозненая, але непазбежная рэакцыя людзей на эканамічны крызіс, выкліканая унутранымі прычынамі і гэта канцэнтрацыя грамадскіх надзеяў на будучыя прэзідэнцкія выбары, таму што толькі ў пасадзе прэзідэнта сёння ўлада і канцэнтруецца.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках