26 лiстапада 2024, aўторак, 21:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цернаўскі спрабуе схаваць свае нафтавыя актывы

5
Цернаўскі спрабуе схаваць свае нафтавыя актывы

Бізнесмен Анатоль Цернаўскі паступіў па прыкладу Уладзіміра Пефціева і Юрыя Чыжа і вывеў з публічнай сферы свае нафтавыя актывы.

На сайце кампаніі «Юнівест-М» у раздзеле бізнес-сферы больш не значыцца «нафтаперапрацоўка». Аднак, як атрымалася высветліць TUT.BY, дэ-факта акцыянеры кампаніі працягваюць займацца рэалізацыяй беларускіх нафтапрадуктаў.

«Юнівест-М» у 2001 годзе стварылі выхадцы са «Слаўнафты» на чале з Анатолем Цернаўскім. Кампанія займалася перапрацоўкай расейскай нафты на беларускіх НПЗ і наступным продажам нафтапрадуктаў. Большы ўпор быў зроблены на Мазырскі НПЗ, дзе «Слаўнафта» была акцыянерам. Неўзабаве Беларусь стала «нафтавым афшорам», а «Юнівест-М» стаў адным з найбуйнейшых нафтатрэйдараў. Асабліва добра ішоў экспарт нафтапрадуктаў у Еўропу. У 2006 годзе для пашырэння вытворчай базы «Юнівест-М» набыў і рэканструяваў нафтабазу  «Лісічкі» у Гомельскім раёне. У нямецкім порце Гамбург была зарэгістраваная структура «Юнівест трэйдзінг і кансалтынг ГМБХ», кіраваць якой даверылі Якабу Дойчу (Jacob Deutsch).

Атрымаўшы значны нафтавы прыбытак, «Юнівест-М» у 2007 годзе прыняў рашэнне дыверсіфікаваць бізнэс і ў імгненне вока стаў адным з буйных беларускіх дэвелопераў, актыўна інвестуючы ў будаўніцтва жылой і камерцыйнай нерухомасці. У цяперашні час групе кампаній «Юнівест-М» належаць наступныя аб'екты: міні-поліс «Каскад», гасцініца ў Жлобіне, бізнес-цэнтры ў Менску, установы грамадскага харчавання і Смалявіцкі завод жалеза-бетонных вырабаў. Шэраг дэвелоперскіх праектаў рэалізуецца пад маркай кампаніі «Юнівестбудінвест», заснавальнікамі якой, па наяўнай інфармацыі, акрамя «Юнівест-М» з'яўляюцца структуры, блізкія да Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, які ўзначальвае Зміцер Лукашэнка. У планах кампаніі значацца будаўніцтва жылога комплексу ў Менскім раёне і гандлёва-забаўляльны цэнтр у Брэсце. На дадзены момант інвестыцыйны партфель ГК «Юнівест-М» складае больш за 1 млрд даляраў. Асноўнымі крыніцамі фінансавання з'яўляюцца ўласныя сродкі прадпрыемстваў групы «Юнівест-М», паведамляе сайт кампаніі.

23 сакавіка бягучага года міністры замежных спраў 27 краін Еўразвяза пагадзіліся на ўвядзенне санкцый у дачыненні да 12 чалавек і 29 кампаній з Беларусі, чый ўезд у ЕЗ забаронены і чыі актывы на яго тэрыторыі павінны быць замарожаныя. У чорным спісе апынуўся Анатоль Цернаўскі і тры яго кампаніі («Юнівест-М», «Юніс Ойл», «Юнівестбудінвест»). У ЕЗ Цернаўскага называюць «адным з кашалькоў рэжыму Лукашэнкі».

Дзейнасць названых кампаній пераважна засяроджаная ў Беларусі. Адзінае, што звязвала іх з Еўропай, гэта нафтапрадукты, якія экспартаваліся ў ЕЗ. Некаторы час таму з раздзелу бізнес-сферы на сайце «Юнівест-М» была выдаленая опцыя «нафтаперапрацоўка» і ўся інфармацыя, якая гэтага віду дзейнасці датычылася. У самой кампаніі з гэтай нагоды сказалі, што «у цяперашні час усе нашы сілы сканцэнтраваны ў будаўніцтве, таму і была выдаленая закладка [нафтаперапрацоўка] на сайце». Ад каментароў, што ў такім выпадку адбылося з нафтавымі актывамі, у кампаніі адмовіліся.

Крыніца ў нафтавай сферы пацвярджае, што «Юнівест-М» у апошні час быў не настолькі актыўны [у нафтаперапрацоўцы], як раней. Цяпер у іх, кажуць, адкрылася другое дыханне. Зрэшты, як ва ўсіх».

Некалькі месяцаў таму з'явілася інфармацыя, што «Юнівест-М» значыцца сярод пастаўшчыкоў біядызельнага паліва ва Украіну. У гэты ж момант актывізаваў сваю дзейнасць і мясцовы трэйдар «Славянскія нафтапрадукты», праз якога раней «Слаўнафта» вяла бізнэс ва Украіне. Крыніца на ўкраінскім нафтавым рынку пацвярджае, што «за ўсімі гэтымі структурамі стаяць выхадцы «Слаўнафты», яны рэалізуюць нафтапрадукты вытворчасці Мазырскага НПЗ». Ён не выключыў, што «адраджэнне найстарэйшага ўкраінскага нафтатрэйдара» звязана з санкцыямі ЕЗ у Беларусі.

Варта таксама адзначыць, што «Юнівест-М» і яго «дачка» «Юніс Ойл» маюць ліцэнзію «Белнафтахіма» на аптовы гандаль беларускімі і імпартнымі нафтапрадуктамі. Прычым даччынае прадпрыемства атрымала «дазвол» у мінулым годзе тэрмінам на 10 гадоў. З акцыянерамі «Юнівест-М» звязваюць і дзейнасць фірмы «Лутэк», у якой таксама ёсць ліцэнзія «Белнафтахіма».

Крыніца з усмешкай на твары кажа, што «нафтавікі, як і чэкісты, былымі не бываюць». «Цяпер яны актыўна будуюць і прадаюць жыллё, таму, мабыць, хочуць ахаваць сябе ад любой негатыўнай інфармацыі, якая ў асноўным зыходзіць ад нафтавай дзейнасці. Таму цалкам лагічна рашэнне вывесці «нафтавыя таксіны» з арганізма», - адзначыў ён.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках