27 лiстапада 2024, Серада, 7:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Баршчэўскі: Гэта не выбары - гэта ўсё фікцыя

9
Лявон Баршчэўскі: Гэта не выбары - гэта ўсё фікцыя

Выбараў няма, а ў тым, чаго няма, ўдзельнічаць па вызначэнні немагчыма, лічыць Лявон Баршчэўскі.

Сёння суразмоўца сайта charter97.org - дэпутат парламента ў 1991-1995 гадах, мовазнаўца і выкладчык Лявон Баршчэўскі.

- За час рэжыму Лукашэнкі вырасла цэлае пакаленне моладзі, якое акрамя БРСМ нічога не бачыла. Дык ці ёсць цяпер спадзяванне на моладзь, што яна нешта зможа змяніць?

- Я думаю, што сярод маладых, якія ў часы незалежнасці зрабілася дарослымі, такія людзі ёсць і будуць, якія пры пэўных спрыяльных варунках, пры пэўным аслабленні палітычнай сістэмы, змогуць узяць на сябе лідарскія функцыі і аб'яднаць людзей. Таму я б не сказаў, што моладзь такая безнадзейная. Цяжка было гаварыць, што з сябе ўяўляе чэшская моладзь яшчэ там у 1988 годзе. Таксама яна, здавалася, пасіўная, падпарадкаваная рэжыму. А потым пайшоў працэс, знайшліся лідары, моладзь падтрымала, і адбыліся  перамены.

- Што можа аб’яднаць людзей у змаганні з рэжымам?

- На жаль, людзей зазвычай аб'ядноўваюць вельмі кепскія чыннікі: катастрофы і г.д. Як, у прынцыпе, чыннік Чарнобылю паўплываў на тое, што ў канцы 80-х гадоў нешта ўдалося стварыць апазіцыйнае. На жаль. Не дай бог, калі ў нас адбудзецца другі Чарнобыль ці нешта падобнае. Але нейкія  рэчы, якія абураць грамадства і сапраўды абураць усіх так, што нават БТ гэтаму не зможа супрацьстаяць… Якія гэта будуць рэчы, пакуль цяжка  гаварыць.

- Ці можна спадзявацца, што мова і культура згуртуюць беларусаў?

- Мова і культура аб'ядноўвае толькі тую частку, якая на сябе зможа ўзяць адказнасць, а яна павінна існаваць, таму што проста стыхійны некіраваны бунт страшнейшы нават за сённяшнюю ўладу. І таму мова і культура павінны аб'ядноўваць адказную частку грамадства. Часам некаторыя нашы публіцысты выказваюцца, што мова патрэбна тым, хто больш нічога не ўмее рабіць. Калі гэта робіцца несвядома - гэта даравальна, але калі гэта робіцца свядома - гэта проста злачынства.

- Можа варта паспрабаваць заняць месцы ў «палатцы» і тады распачаць барацьбу?

- Мая пазіцыя заўсёды была такая, што ўдзельнічаць трэба ў выбарах. Калі выбараў няма, то і сэнсу няма, а іх няма ад 1995 года. Я падтрымліваў байкот у 2000 годзе і ў 2004 годзе, мяне, праўда,  угаварылі пайсці назіральнікам, але я папярэджваў, што гэта не выбары - гэта ўсё фікцыя.  Іншая сітуацыя прэзідэнцкіх  выбараў (гэта таксама не выбары), але там  ўзнікае сітуацыя і грамадскае адчуванне, што, можа, нешта памяняецца. І тады там прэзідэнт - не прэзідэнт, а раптам змены наступяць, там ёсць іншы чыннік мабілізацыі  грамадства. Але гэта пытанне таксама небясспрэчнае. Выбараў няма, а ў тым, чаго няма, ўдзельнічаць па вызначэнні немагчыма.

- Паколькі сядзець не выпадае, то якую дзейнасць Вы маглі б прапанаваць актыўным грамадзянам?

- Зараз куды больш эфектыўна схадзіць з квітанцыяй незалежнай газеты і паагітаваць за яе, чым сноўдацца па хатах і гаварыць, што я добры кандыдат.

- Ці будзе мець апазіцыя якую-небудзь карысць ад гэтых «выбараў»?

- Адназначна. Хто пойдзе супраць няўдзелу, чые прозвішчы застануцца ў бюлетэнях, я думаю, з тымі людзьмі не па дарозе ўсім сур'ёзным апазіцыйным сілам. Гэта адназначна. Чатыры гады назад гаварылі, што Захад прызнае выбары, калі не пойдзе апазіцыя і гэтак далей. Я тады сцвярджаў, што Захад  не такі дурны, як тут думаюць. І не было б прызнання гэтых выбараў. Але тады большасць галасоў была за тое, што трэба  даць магчымасць тым, хто хоча і г.д. Цяпер сітуацыя больш адназначная. Цяпер ўвогуле няма аргументаў. Захад гэтыя выбары не прызнае. А калі вы хочаце данесці свае пасланні, у нас у кіёсках пакуль прадаецца «Народная воля» і «Наша ніва». Трэба туды пісаць.

- А ці можна неяк апраўдаць тых, хто ўсё ж такі удзельнічае ў «выбарах»?

- Зараз аргументаў  значна менш, чым у 2008 годзе, па сутнасці, іх няма. Дарэчы, тут і выявіцца сапраўды «пятая калона» сярод апазіцыі, каторая без довадаў ідзе на гэтыя «выбары». Які можа быць аргумент? Іх хтосьці штурхае, той, каго мы не ведаем. Чаму яны  трымаюць імёны тых, каго мы не ведаем, у таямніцы, і хто іх штурхае. Значыць, 23-га верасня павінна адбыцца размежаванне, і больш не весці пустых размоў з тымі людзьмі, якія свядома ідуць насуперак агульнай лініі з года ў год. І паспрабаваць згуртавацца на падставе ігнаравання мерапрыемстваў улады, спланаваных і прафінансаваных.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках